Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 студзеня 2021, 10:54

Карпенка: работа па патрыятычным выхаванні ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа па патрыятычным выхаванні ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў час выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі, прысвечанага абмеркаванню пытанняў фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму ў студэнцкай моладзі. Мерапрыемства прайшло 27 студзеня на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сучасным жыцці пытанні выхавання маладога пакалення, яго сацыялізацыі набываюць асаблівае значэнне, а можа і галоўнае. Любая дзяржава прывівае сваім грамадзянам ужо з дзіцячых гадоў каштоўнасці, якія аб'ядноўваюць нацыю, народ, і тым самым выхоўвае ў іх пачуццё грамадзянскага абавязку. Ва ўстановах адукацыі нашай краіны склалася сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, што рэалізуецца ў рамках адукацыйнага працэсу і з'яўляецца яго важным складнікам, - сказаў Ігар Карпенка. - Створана адпаведная заканадаўчая база. У тым ліку ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі таксама прысутнічае выхаваўчы кампанент. Забяспечана навукова-метадычнае суправаджэнне сістэмы патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі".

Міністр адзначыў, што работа па патрыятычным выхаванні пранізвае ўсе ўзроўні адукацыі. "З дзіцячага сада выхаванцы далучаюцца да вывучэння гісторыі сваёй краіны, горада, пасёлка. Вялізны выхаваўчы патэнцыял закладзены непасрэдна ў навучальнай дзейнасці. Кожны школьны прадмет, кожная дысцыпліна ў ВНУ аказваюць значны ўплыў на фарміраванне светапогляду дзяцей і моладзі, але найбольш моцны - сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, вывучэнню Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў ва ўстановах адукацыі краіны ўдзяляецца асаблівая ўвага. "Сёння мы сутыкаемся са спробамі перапісаць гісторыю ў кан'юнктурных палітычных мэтах, абясцэніць уклад савецкага народа ў Вялікую Перамогу. І менавіта гістарычная навука выступае асновай у супрацьстаянні фальсіфікацыям. І што вельмі важна - дакладнасць выкладання фактаў, законаў, прынцыпаў, тэорый, якая складае аснову ў фарміраванні грамадзянскага светапогляду будучага працаўніка. Для ўстаноў вышэйшай адукацыі распрацаваны праект новай мадэлі цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, у які ўключана дысцыпліна "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці", - расказаў ён.

Міністр падкрэсліў, што эфектыўнай формай патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі выступаюць таксама турысцка-краязнаўчыя, патрыятычныя ваенна-спартыўныя гульні і лагеры, якія штогод арганізуюцца ў час летніх канікулаў, спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту і фізічнай падрыхтоўцы. Пільная ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы музеяў ва ўстановах адукацыі.

"Правераная часам і па-ранейшаму запатрабаваная маладзёжная ініцыятыва - дзейнасць студэнцкіх атрадаў. Гэта адначасова і гарантыя працаўладкавання, і набыццё каштоўнага вопыту работы ў калектыве, і патрыятычнае выхаванне. У мэтах яго далейшага развіцця па ініцыятыве моладзі падрыхтаваны і прыняты новы ўказ Прэзідэнта, які дасць магчымасць забяспечыць мабільнасць фарміравання студэнцкага атрада, павысіць прававую абароненасць яго байцоў, пашырыць катэгорыю ўдзельнікаў. І, вядома, новы імпульс грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню моладзі надасць правядзенне ў нашай краіне 2021 года пад знакам Года народнага адзінства, мерапрыемствы якога намі ўжо распрацаваны і зацверджаны", - дадаў Ігар Карпенка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі