Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 снежня 2020, 17:22

Карпенка навучэнцам Крычаўскага спецыяльнага прафтэхвучылішча: у жыцці галоўнае - зрабіць правільны выбар

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў час рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" наведаў Крычаўскае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Такія сустрэчы міністра з навучэнцамі прафтэхвучылішча сталі традыцыйнымі. "Кожны чалавек стаіць перад выбарам свайго жыццёвага шляху. Хочацца, каб вы зрабілі правільны выбар у жыцці, - сказаў Ігар Карпенка, звяртаючыся да навучэнцаў. - Літаральна ўчора я прысутнічаў на вялікім навагоднім балі ў Палацы Незалежнасці. 300 адораных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі з усёй краіны на гэта святочнае мерапрыемства. Дзяўчаты былі ва ўрачыстых і прыгожых сукенках, хлопцы ў смокінгах і фраках. Іграў жывы аркестр. І мне вельмі хацелася б, каб наступны раз мы з вамі сустрэліся менавіта ў такой абстаноўцы. Але, на жаль, лёсам так наканавана, што сёння вы знаходзіцеся тут. Разам з тым гэта яшчэ адна нагода задумацца аб тым, які жыццёвы шлях вы для сябе выбераце".

Міністр пажадаў дзецям адбыцца як прафесіяналам. "Шчыра жадаю, каб у вас з'явілася свая справа, якой вы гатовы былі б служыць на працягу ўсяго свайго жыцця, працаваць на карысць сваіх сем'яў і краіны. Няхай створаныя вамі сем'і будуць моцнымі і шчаслівымі, а вашы дзеці каб ніколі не траплялі ў тыя складаныя сітуацыі, у якіх апынуліся вы цяпер. Мне хацелася б, каб вы сталі сапраўднымі грамадзянамі краіны, каб мы, старэйшае пакаленне, маглі быць упэўненымі, што перадаём у надзейныя рукі кіраванне нашай незалежнай дзяржавай", - адзначыў ён.

Ігар Карпенка ўручыў навучальнай установе сертыфікат на мультыборд для адукацыйнага працэсу, а таксама падарунак кожнаму выхаванцу. Акрамя таго, павіншаваць навучэнцаў прафтэхвучылішчаў прыехалі рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках і каноэ, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч, а таксама заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 10 снежня па 10 студзеня. Штогод кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. У час акцыі яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі