Ігар Карпенка
11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць міжнародных наглядальнікаў на маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Беларусі можа быць у два разы большая, чым у адзіны дзень галасавання, які прайшоў 25 лютага 2024 года. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі, Старшыні УНС Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адной з тэм, якая абмяркоўвалася кіраўніком дзяржавы і кіраўніком ЦВК, было запрашэнне міжнародных наглядальнікаў на маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. "Нам бачыцца, што колькасць іх можа быць большая, чым было ў адзіны дзень галасавання, - міжнародных наглядальнікаў было 294. Думаю, што лічба можа вырасці ў паўтара-два разы", - растлумачыў Ігар Карпенка.
Традыцыйна плануецца запрасіць місіі наглядальнікаў ад СНД і ШАС. А павелічэнне колькасці міжнародных наглядальнікаў, на думку старшыні ЦВК, магчыма за кошт пашырэння геаграфіі краін, з якіх могуць прыехаць кіраўнікі і прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій. У гэта кола, напрыклад, прапануецца ўключыць краіны Афрыканскага кантынента, Лацінскай Амерыкі, Еўропы.
Ён нагадаў, што ў краінах СНД ёсць канвенцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў. "У нас ёсць заключэнне СНД і шэрага іншых міжнародных структур, дзе дадзена дакладнае абгрунтаванне таго, што наша заканадаўства ў поўнай меры адпавядае гэтай канвенцыі, якую мы падпісалі і якой прытрымліваемся пры арганізацыі выбарчага працэсу ў нашай краіне", - сказаў кіраўнік ЦВК.
Што датычыцца тэрмінаў правядзення прэзідэнцкіх выбараў, то яны павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Дакладную дату, згодна з заканадаўствам, вызначыць Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Іх правядзенне стане своеасаблівай заключнай часткай вялікага электаральнага цыкла, які пачаўся пасля правядзення рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе і ўнясення змяненняў у Канстытуцыю. "Мы адпрацавалі змененае выбарчае заканадаўства ў адзіны дзень галасавання. Я далажыў Прэзідэнту, што мы гатовы праводзіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію па дзеючым выбарчым кодэксе, гэта значыць якія-небудзь карэкціроўкі на сённяшні момант не патрэбны", - растлумачыў Ігар Карпенка.
Цяпер ЦВК прадаўжае работу па прававой асвеце грамадзян. "Гэта адна з новых функцый, якая прапісана ў Выбарчым кодэксе і ўскладзена на ЦВК. Мы прадаўжаем працаваць з тым актывам, які патэнцыяльна арганізуе выбары (а ў адзіны дзень галасавання іх было больш за 66 тыс. чалавек у складзе ўсіх камісій, без наглядальнікаў, агітатараў, актывістаў і гэтак далей)", - сказаў кіраўнік ЦВК.
Па ўсіх рэгіёнах краіны ЦВК разам з мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады праводзіць семінары з запрашэннем грамадскіх арганізацый і палітычных партый, якія ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам маюць паўнамоцтвы вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, а таксама ў якасці наглядальнікаў або кандыдатаў на выбарах.
Ігар Карпенка нагадаў, што ў Беларусі ёсць толькі адзін спосаб вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты - шляхам збору не менш як 100 тыс. подпісаў.
Акрамя таго, у гэтым годзе ЦВК Беларусі спаўняецца 35 гадоў як пастаянна дзеючаму выбарчаму органу. У сувязі з гэтым плануецца правесці 4 снежня 2024 года пашыранае пасяджэнне ЦВК з запрашэннем ветэранаў камісіі і тых, хто ўнёс асаблівы ўклад у развіццё выбарчай сістэмы суверэннай Беларусі. У планах таксама правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай забеспячэнню электаральнага суверэнітэту. Гэта тэма, паводле слоў кіраўніка ЦВК, асабліва актуальная на сучасным этапе з улікам усё большых спроб гібрыднага знешняга ўздзеяння на краіны, іх эканомікі і палітычныя сістэмы.
Яшчэ адной значнай падзеяй міжнароднага ўзроўню стане правядзенне ў верасні бягучага года ў Мінску кансультатыўнага савета выбарчых органаў краін СНД, дзе ЦВК Беларусі ад Узбекістана будзе перададзена старшынства ў гэтым органе.-0-