Сцяг Серада, 18 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 мая 2025, 13:00

Карпенка: кампанія 2025 года прадэманстравала беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адкрытасці і галоснасці

Фота з архіва
Фота з архіва
15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбарчая кампанія 2025 года прадэманстравала беспрэцэдэнтна высокі ўзровень рэалізацыі прынцыпаў адкрытасці і галоснасці, заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў час пленарнага пасяджэння рэспубліканскага семінара-нарады "Вопыт і перспектывы развіцця выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

ЦВК Беларусі па выніках кожнай электаральнай кампаніі аналізуе прымяненне на практыцы выбарчага заканадаўства. У гэтыя дні арганізатары выбараў з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся ў Мінску на рэспубліканскі семінар-нараду, каб абмеркаваць вынікі выбарчага цыкла 2022-2025 гадоў, а таксама практыку прымянення абноўленага выбарчага заканадаўства пры правядзенні выбараў.

"Кампанія 2025 года прадэманстравала беспрэцэдэнтна высокі ўзровень рэалізацыі прынцыпаў адкрытасці і галоснасці. Гэтаму садзейнічала поўнамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб ходзе выбарчай кампаніі. Выкарыстоўваючы розныя формы і метады інфармацыйнай работы ва ўзаемадзеянні ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый, нам удалося стварыць атмасферу празрыстасці на ўсіх этапах кампаніі, што садзейничала ўмацаванню даверу да выбарчай сістэмы ў цэлым", - сказаў Ігар Карпенка.

У зусім новым фармаце працаваў Інфармацыйны цэнтр, які традыцыйна ствараўся з мэтай асвятлення ходу галасавання, аператыўнага прадастаўлення інфармацыі аб выбарах СМІ, замежным наглядальнікам. "Пляцоўкі Палаца Рэспублікі дазволілі арганізаваць не толькі прэс-канферэнцыі ЦВК, але і ажыццявіць прамыя ўключэнні тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, правесці шэраг асветных праектаў і міжнародных мерапрыемстваў. У Інфармацыйным цэнтры ЦВК працаваў 481 прадстаўнік з 25 беларускіх медыя і 331 журналіст з 70 замежных СМІ. Замежныя медыя былі прадстаўлены буйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі з 23 краін Азіі, Блізкага Усходу, Еўропы, Лацінскай і Паўночнай Амерыкі. Асабліва хачу адзначыць работу беларускіх СМІ па аператыўным давядзенні да ведама грамадзян актуальнай інфармацыі, работу мясцовых органаў улады па афармленні тэрыторый населеных пунктаў інфармацыйнымі матэрыяламі аб выбарах, а таксама работу дзяржаўных органаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і навучальных устаноў па прававой асвеце", - падкрэсліў ён.

"Разам з традыцыйнымі формамі асветнай работы, Цэнтральнай камісіяй сумесна з зацікаўленымі была выдадзена серыя кніг аб выбарах для дарослых і дзяцей, рэалізаваны інфармацыйныя, інтэрнэт- і відэапраекты аб гісторыі станаўлення выбарчай сістэмы ў краіне, аб дзейнасці Цэнтральнай камісіі. Па выніках выбараў выдадзены зборнік электаральнай статыстыкі, а таксама кніга "Выборы в Беларуси. Только факты", прысвечаная праведзеным у краіне электаральным кампаніям. Хачу адзначыць работу створаных пры ЦВК грамадскіх структур: навукова-экспертнага і маладзёжных саветаў. Іх асветныя мерапрыемствы, а таксама дзейнасць, накіраваная на аналіз выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення, садзейнічае кансалідацыі экспертнай супольнасці, прававому выхаванню моладзі. Цалкам новай з'явай у электаральнай практыцы стаў шырокі валанцёрскі рух. У сувязі з гэтым лічым мэтазгодным замацаваць у заканадаўстве паняцце "электаральны валанцёр", - адзначыў Ігар Карпенка.

У 2025 годзе значна пашырана геаграфія міжнароднага назірання. "Для ўдзелу ў назіранні за выбарамі ў Беларусі Цэнтральнай камісіяй было акрэдытавана 486 наглядальнікаў з 52 краін. Гэта колькасць наглядальнікаў не з'яўляецца максімальнай у параўнанні з папярэднімі кампаніямі, а вось прадстаўніцтва краін у замежным назіранні можна назваць рэкордным, - дапоўніў кіраўнік ЦВК. - Разам з правядзеннем традыцыйных прэс-канферэнцый і брыфінгаў міжнародных наглядальных місій былі створаны дадатковыя ўмовы і магчымасці для давядзення да грамадскасці меркавання замежных (міжнародных) наглядальнікаў адносна праводзімых выбараў. Свае падагульняючыя заявы па выніках назірання агучылі не толькі місіі наглядальнікаў ад СНД і ШАС, але і прадстаўнічая дэлегацыя Панафрыканскага парламента, кіраўнікі выбарчых органаў замежных дзяржаў і незалежныя эксперты з Ісламскай Рэспублікі Іран, Рэспублікі Зімбабвэ, Турэцкай Рэспублікі, ПАР, Філіпін, Рэспублікі Казахстан, Грузіі, Венгерскай Рэспублікі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Рэспублікі Узбекістан і інш.".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі