Сцяг Субота, 7 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 красавіка 2025, 13:48

Карпенка аб суботніку: усё, што мы рабілі талакой, нам удавалася рабіць якасна і добра

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Суботнік аб'ядноўвае людзей агульнымі ідэямі, задачамі, каб зрабіць нашу зямлю прыгажэйшай, паколькі ўсё, што мы заўсёды рабілі талакой, нам удавалася рабіць якасна і добра. Такім меркаваннем з журналістамі на рэспубліканскім суботніку падзяліўся кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі (ЦВК) Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Карпенка адзначыў, што работнікі ЦВК ужо трэці год працуюць на гары Дзяржынская, якая ўзвышаецца на 345 м над узроўнем мора. У 2022 годзе, упершыню прыехаўшы сюды і высадзіўшы хвойныя дрэвы, яны ўзялі шэфства над гэтым аб'ектам. З таго часу тут шмат што змянілася. У работу ўключыліся дзяржаўныя органы і арганізацыі, мясцовыя жыхары. У выніку на гары быў устаноўлены знак "Сцяг Радзімы" і флагшток з дзяржсцягам Рэспублікі Беларусь, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі.

"Ёсць дэталёвы план добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі. Сёння мы тут чысцім бліжэйшы лес, дадаткова высаджваем елачкі, да гэтага высаджвалі сосны. У перспектыве тут плануецца ўладкаваць зону адпачынку, якая часткова ўжо зроблена", - расказаў Ігар Карпенка.

Ён дадаў, што на тэрыторыі гары з'явяцца прывезеныя валуны, тыповыя для ландшафту Беларусі. На кожным з іх размесціцца гісторыя руху ледніка і стварэння прыроднага рэльефу Беларусі.

"Праектаў шмат, мы ідзём у фарватары тых праектных рашэнняў, якія прымаюць мясцовыя ўлады, - сказаў Ігар Карпенка. - Наогул хачу сказаць, што суботнік, талака - гэта звёны такога галоўнага ментальнага пачуцця беларусаў, як калектывізм. Усё, што мы калектыўна рабілі - будавалі для маладых хату, калі яны жаніліся ў вёсцы, або будавалі заводы, фабрыкі, добраўпарадкоўвалі нашу зямлю, будавалі нашу дзяржаўнасць, - нам гэта ўдавалася рабіць сумеснымі намаганнямі якасна і добра. Суботнік аб'ядноўвае людзей агульнымі ідэямі, задачамі, каб зрабіць нашу зямлю прыгажэйшай і пакінуць яе будучым пакаленням".

Свой дзённы заработак работнікі ЦВК Беларусі накіруюць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, у экспазіцыі якога таксама будуць адлюстраваны этапы развіцця выбарчай сістэмы нашай краіны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі