Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 жніўня 2022, 14:28

Кароткачасовыя дажджы і да 32 градусаў гарачыні. Сіноптыкі пра надвор'е ў выхадныя і на наступным тыдні

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі чакаецца да 32 градусаў гарачыні ў выхадныя і на наступным рабочым тыдні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Цяпер галоўным у фарміраванні ўмоў надвор'я на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца ачаг высокага ціску, сфарміраваны ў халаднаватай няўстойлівай паветранай масе. Таму ў большасці раёнаў Беларусі адзначаецца пераважна малавоблачнае і сухое надвор'е, а тэмпературны фон на 1-2 градусы адстае ад належнага па календары", - адзначылі ў Белгідрамеце.

Аднак у пятніцу, 12 жніўня, паветраныя патокі зменяць свой напрамак, і на тэрыторыю Беларусі пачнуць паступаць цёплыя паветраныя масы з паўночнага ўсходу Украіны. На большай частцы тэрыторыі краіны захаваецца сонечнае і сухое надвор'е, толькі ў паўднёвых раёнах рэспублікі ў няўстойлівым паветры пройдуць лакальныя навальнічныя дажджы. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Ноччу тэмпература паветра будзе плюс 9-15 градусаў, а па поўдні - плюс 18 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 24-30 градусаў.

Паводле слоў сіноптыкаў, у далейшым антыцыклон прадоўжыць сваё перамяшчэнне на ўсход, і на тэрыторыю Беларусі ўзмоцніцца вынас цёплых няўстойлівых паветраных мас чарнаморскага паходжання. Тэмпература паветра возьме курс на павышэнне і не толькі дасягне значэнняў, належных па календары, але і перавысіць іх на 1-5 градусаў. Аднак без лакальных навальнічных дажджоў не абыдзецца.

У суботу, 13 жніўня, месцамі па краіне, а па Брэсцкай і Гомельскай абласцях на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах яны будуць суправаджацца навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 13-20 градусаў, а ў паўночных раёнах месцамі паветра ахалодзіцца да плюс 11-12 градусаў. У сярэдзіне дня слупкі тэрмометраў пакажуць 24-31 градус цяпла.

У нядзелю, 14 жніўня, месцамі па рэспубліцы пройдуць дажджы кароткачасовага характару, а ў асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпературны фон у начны час будзе знаходзіцца ў межах 13-20 градусаў цяпла, а дзённыя максімумы складуць плюс 25-32 градусы.

Паводле папярэдняга прагнозу сіноптыкаў, вельмі цёплае з кароткачасовымі навальнічнымі дажджамі надвор'е захаваецца і на наступным рабочым тыдні.

У панядзелак, 15 жніўня, у асобных раёнах краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Ноччу тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 13 да 20 градусаў, а днём - ад плюс 25 да плюс 32 градусаў.

У аўторак, 16 жніўня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 15-21 градус цяпла, а ўдзень - плюс 23-29 градусаў. Месцамі па краіне слупкі тэрмометраў пакажуць плюс 30-32 градусы.

У сераду, 17 жніўня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы. У начны час тэмпература паветра будзе плюс 13-20 градусаў, а ў дзённы - плюс 23-29 градусаў. Па паўднёвым захадзе рэспублікі ў сярэдзіне дня паветра прагрэецца да 30-32 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі