
29 верасня, Ашмяны /Кар. БЕЛТА/. Прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Ашмянах правёў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі раней на прыёмы грамадзян больш прыходзілі з бытавымі пытаннямі, якія па нейкіх прычынах не былі вырашаны на месцах, у ЖЭСе, у раённай бальніцы, на ўзроўні райвыканкама, і гэта выносілася на ўзровень вобласці, на ўзровень старшыні аблвыканкама, таму што чалавек не бачыў іншых магчымасцей вырашыць гэту праблему, то цяпер са з'яўленнем службы "адно акно", дыспетчарскай службы, фактычна павысілася якасць разгляду зваротаў на месцах і хуткасць рэакцыі на гэтыя звароты", - сказаў Уладзімір Каранік.
Кіраўнік вобласці дадаў: "Я ўжо не першы прыём адзначаю, што ўсё больш прыходзіць людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з ідэямі, як палепшыць не толькі асабістае іх жыццё, а, як яны лічаць, зрабіць дабро для ўсіх. І часам даводзіцца вельмі шмат часу тлумачыць, што калі ты прыйшоў зрабіць некаму добра, то ты павінен хаця б атрымаць згоду гэтых людзей прадстаўляць іх інтарэсы, аформіць гэтыя дакументы".
"У цэлым прыемна, што ў нас ёсць неабыякавыя грамадзяне, якія хочуць зрабіць нашы рэгіёны яшчэ прыгажэйшымі, яшчэ больш камфортнымі для жыцця", - адзначыў Уладзімір Каранік.
"Даводзіцца часам тлумачыць, што мы можам зрабіць у адпаведнасці з заканадаўствам, а што па нейкіх прычынах немэтазгодна рабіць. Часам людзі пагаджаюцца, часам не. Але часта забываюць, што свабода адных заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншых. Таму ўсе гэтыя рашэнні павінны быць заўсёды ўзважаны для таго, каб мы камусьці не пашкодзілі", - рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.
На прыёме грамадзян уздымаліся пытанні сферы ЖКГ, перагляду судовых рашэнняў, а таксама зямельных праваадносін.-0-