Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 жніўня 2020, 09:01

Каранік: дакладна зрэжысіраванае мерапрыемства спрабуюць выдаць за стыхійную акцыю пратэсту медыкаў

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумна бачыць, як дакладна зрэжысіраванае мерапрыемства спрабуюць выдаць за стыхійную акцыю пратэсту медыкаў. Такое меркаванне выказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Міністр адзначыў, што яму "крыўдна разумець, што нашых калег выкарыстоўваюць для стварэння карцінкі і правакавання сілавога адказу прадстаўнікоў органаў унутраных спраў".

"Дзіўна ўсведамляць, што людзі, якія выступаюць супраць насілля, адмаўляюцца размаўляць і вырашаць праблемы. Паколькі ўменне размаўляць і чуць - галоўны метад прафілактыкі насілля. Дзіўна бачыць, як арганізатары выстаўляюць нашых супрацоўнікаў для лепшага кадра, прадстаўляючы гэта як стыхійную акцыю - "станьце роўна, перамясціцеся ўбок, падыміце плакат, не размаўляйце", - падзяліўся ён уражаннямі ад убачанага на адной з такіх акцый.

"Прыкра даведвацца, што многія калегі, заклікаючы выйсці на мерапрыемства ў Мінску, самі знаходзяцца ў іншых гарадах або проста не прыходзяць на акцыю", - дадаў Уладзімір Каранік.

Ён выказаў меркаванне, што значная частка ўдзельнікаў, магчыма, сапраўды прыйшлі з добрымі намерамі. "Але наяўнасць хаця б некалькіх правакатараў сярод вас - на жаль, можа справакаваць сілавы адказ прадстаўнікоў органаў правапарадку", - перасцярог міністр.

"У арганізатараў (на гэты раз) каляровая і крыважэрная карцінка не атрымалася. І, на шчасце для нас, ніхто з нашых калег не пацярпеў", - сказаў Уладзімір Каранік.

Міністр падкрэсліў, што кожны работнік сістэмы аховы здароўя дарагі і патрэбны. "Мы - за цывілізаваны шлях вырашэння спрэчак! Калі ў вас ёсць пытанні і нявырашаныя праблемы, якія патрабуюць абмеркавання, мы гатовы сустракацца - як з кожным з вас асобна, так і з калектывамі", - запэўніў Уладзімір Каранік.

Кіраўнік ведамства заклікаў калег не даваць уцягнуць сябе ў гульню, правіл якой яны не разумеюць, а што яшчэ горш - у гульню без правіл. "У адваротным выпадку прайграем усе мы!" - рэзюмаваў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі