Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Каранік: бязвыплатнае донарства - адзін з элементаў сацыяльнага партнёрства грамадзян і дзяржавы

Грамадства 14.06.2019 | 17:32
Уладзімір Каранік у час дабрачыннай акцыі
Уладзімір Каранік у час дабрачыннай акцыі

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бяспека пацыентаў, а таксама зніжэнне рызыкі прычынення шкоды іх здароўю забяспечыць свядомае партнёрства донараў крыві і дзяржавы. Такое меркаванне выказаў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік у час дабрачыннай акцыі "Падары кроў - выратуй жыццё!", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Сусветны дзень донара Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам трансфузіялогіі арганізавалі выязны пункт забору крыві. Здаць кроў у гэты дзень змаглі больш за 30 прадстаўнікоў Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Міністэрства аховы здароўя, грамадскіх арганізацый, кіраўніцтва і супрацоўнікі БТЧК.

Напярэдадні данацыі Уладзімір Каранік адзначыў, што ў грамадстве ёсць недастатковае разуменне наконт ініцыятывы бязвыплатнага донарства. "Мы прапагандуем бязвыплатнае донарства, але гэта не значыць, што яно бясплатнае. Дзяржава стымулюе сацыяльную адказнасць грамадзян - гэта адзін з элементаў сацыяльнага партнёрства. Людзі разумеюць, што некаму патрэбна іх дапамога. Дзяржава ж кампенсуе мерапрыемствы, каб, па-першае, захаваць здароўе донара, па-другое, гэтыя прэпараты крыві, якія праходзяць кантроль, падрыхтоўку, а таксама іншыя мерапрыемствы, каб захаваць бяспеку рэцыпіента, - гэта ўсё бярэ на сябе дзяржава. Калі донарства будзе свядомым сацыяльным партнёрствам паміж грамадзянамі і дзяржавай, то, у першую чаргу, гэта забяспечыць бяспеку пацыентаў і знізіць рызыку", - сказаў міністр.

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка адзначыў, што за апошнія 7-8 гадоў колькасць донараў у нашай краіне штогод прырастае на 10 працэнтаў. У мінулым годзе амаль 98 тыс. беларусаў сталі донарамі крыві і яе кампанентаў. "Згодна са стандартамі СААЗ, мы павінны рыхтаваць не менш за 20 л крыві на 1 тыс. насельніцтва, у нас жа гэты паказчык - больш за 23 л. Не было ніводнага выпадку неаказання медыцынскай дапамогі з-за недахопу крыві і яе кампанентаў. Гэта нацыянальны стратэгічны рэсурс - кроў і яе кампаненты. Першае, што павінна забяспечваць служба крыві - гэта самазабеспячэнне краіны. Пры гэтым кроў нікуды не вывозіцца і не прадаецца. На працягу года ў Беларусі налічваецца каля 400 тыс. пераліванняў крыві і яе кампанентаў. Ад аднаго донара можна атрымаць тры кампаненты крыві, інакш кажучы, можна выратаваць тры жыцці", - звярнуў увагу ён.

Здаванне крыві - толькі першы крок на шляху да атрымання неабходнага матэрыялу, які потым будзе выкарыстоўвацца ў працэсе пераліванняў. Пасля данацый кроў дзеліцца на кампаненты, абследуецца высокатэхналагічным абсталяваннем, праводзіцца яе кантроль якасці, захоўвання, выкарыстання. Атрымліваюць і лекавыя сродкі з плазмы крыві, клетачныя прадукты. Адна доза крыві (у залежнасці ад неабходнага кампанента) можа каштаваць ад $50 да $200.

Першым у час акцыі здаў кроў кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо. Ён заўважыў, што бываюць такія аперацыі, калі даводзіцца мяняць кроў у час аперацыі да 5 разоў. Калі ўлічваць, што ў сярэднім арганізм чалавека змяшчае 5 л крыві, то іншым разам неабходна каля 25 л.

Уладзімір Каранік расказаў журналістам, што здае кроў не ўпершыню. Перш чым стаць за аперацыйны стол, яму неаднаразова ў раннім узросце былі патрэбны хірургічныя ўмяшанні, у тым ліку з пераліваннем крыві. Пры гэтым у міністра самая рэдкая 4-я адмоўная група крыві. "У дзяцінстве была сітуацыя, калі мне спатрэбілася пераліванне крыві. І гэта сапраўды рэдкая група была ў наяўнасці. Я ўдзячны тым, хто дапамог мне. Тады ўсё донарства было бязвыплатным. Добра, што я магу адказаць тым жа", - прызнаўся ён.

На пытанне аб тым, на працягу якога часу Беларусь можа поўнасцю перайсці да бязвыплатнага донарства, міністр заўважыў, што адказаць павінна грамадства. "Мы гатовы гэта зрабіць хоць заўтра, уся неабходная інфраструктура, каб кроў сабраць, праверыць, захаваць і прыгатаваць з яе прэпараты крыві, ёсць", - падкрэсліў ён.

Генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольга Мычко расказала пра падрыхтоўку новага законапраекта аб падтрымцы бязвыплатнага донарства. Паводле яе слоў, дакумент будзе развіваць тры асноўныя пасылы: бязвыплатна - не значыць дарам, стымуляваць адказнасць за ўласнае здароўе і зацікаўленасць у здаровым ладзе жыцця, а таксама садзейнічаць фарміраванню грамадзянскай пазіцыі беларускага грамадства. "Законапраект прайшоў першае чытанне, знаходзіцца на стадыі дапрацоўкі", - праінфармавала яна.

Пакуль удзельнікі дабрачыннай акцыі здавалі кроў, Фёдар Карпенка звярнуў увагу, што ў Беларусі актыўна развіваюць ініцыятыву донарства, у тым ліку за кошт цеснага кантакту з пастаяннымі донарамі. У гэтым годзе можа з'явіцца спецыялізаваны мабільны дадатак, які дасць магчымасць аператыўна звязвацца з імі, прадастаўляць усю інфармацыю і напаміны пра данацыю. У Беларусі налічваецца больш за 55 тыс. ганаровых донараў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Рэкамендацыі для тых, хто плануе паездкі ў Ізраіль Пры ўзнікненні спрэчных сітуацый на граніцы прасіць супрацоўнікаў міграцыйнай службы звязацца з запрашаючымі асобамі для пацвярджэння імі гатоўнасці прыняць вас ва ўзгодненыя тэрміны.