Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 жніўня 2021, 13:43

Канстытуцыйная камісія вынесе на разгляд Прэзідэнта пытанні аб статусе УНС

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канстытуцыйная камісія вынесе на разгляд Прэзідэнта пытанні аб статусе Усебеларускага народнага сходу і пакаранні смерцю. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Канстытуцыйнага суда, старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы абазначылі тры пазіцыі, якія патрабуюць разгляду з удзелам кіраўніка дзяржавы. Гэта канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, паколькі гэта новы інстытут у сістэме дзяржаўнай улады, і ён павінен мець пэўныя канстытуцыйна-ўладныя паўнамоцтвы і пры гэтым не парушаць дзеючую сістэму дзяржаўнай улады нашай краіны і ўзаемадзеянне (дзяржорганаў. - Заўвага БЕЛТА). Таму гэта пытанне мы сёння яшчэ раз дадаткова прапрацуем і будзем абмяркоўваць ужо з удзелам кіраўніка дзяржавы", - сказаў Пётр Міклашэвіч.

Паводле яго слоў, у членаў Канстытуцыйнай камісіі засталіся разыходжанні па пытанні фарміравання Усебеларускага народнага сходу, а таксама яго паўнамоцтваў. У прыватнасці, члены камісіі не прыйшлі да адзінай думкі аб тым, ці трэба задзейнічаць Усебеларускі народны сход у вырашэнні пытання аб легітымнасці выбараў Прэзідэнта.

Другое пытанне - аб пакаранні смерцю. "Тут ёсць тры варыянты. Першы - цяпер гэту норму, арт.24, не змяняць, не чапаць. Паколькі гэта палажэнне разглядалася на рэферэндуме ў 1996 годзе аб захаванні пакарання смерцю. Далей, ужо калі ўзнікнуць аб'ектыўныя ўмовы, разглядаць на спецыяльным рэферэндуме. Паколькі сёння ў Прэзідэнта таксама ёсць права ўвядзення мараторыя на выкананне або прымяненне пакарання смерцю. Гэта значыць магчыма паэтапнае вырашэнне, як у іншых дзяржавах. Былі прапановы змяніць гэту норму, арт.24, і ўстанавіць пакаранне смерцю толькі за злачынствы тэрарыстычнай накіраванасці, дзе гібель людзей адбылася. Трэці варыянт - наогул паставіць пытанне аб адмене пакарання смерцю. Тры варыянты патрабуюць якраз разгляду з удзелам кіраўніка дзяржавы", - адзначыў старшыня КС.

Трэцяе пытанне - удзел працоўных калектываў у вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. "Гэта норма сёння ў нас ў Канстытуцыі ёсць, але час мяняецца. Працоўныя калектывы гэта не тыя, што ў савецкі час. Шмат калектываў прыватнай формы ўласнасці. Гэта адно. І другое. Агульнапрыняты падыход - вылучэнне ў дэпутаты - гэта ўдзел у пэўнай палітычнай барацьбе. Таму пытанне стаіць адкрытае. Ці трэба захаваць нам на далейшае або спыніцца, каб партыі і самі грамадзяне непасрэдна вылучалі кандыдатаў у дэпутаты як агульнапрыняты падыход. Гэта пытанне мы таксама плануем абмеркаваць з удзелам кіраўніка дзяржавы", - дапоўніў Пётр Міклашэвіч.

Сёння праходзіць чарговае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. На ім разглядаюцца ўдакладненні рэдакцыйнага характару распрацаваных Канстытуцыйнай камісіяй змяненняў у Асноўны закон на аснове заўваг членаў камісіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі