Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 верасня 2024, 14:44

Канферэнцыя TLDCON 2024 праходзіць у Мінску

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску пачала сваю работа 17-я Міжнародная канферэнцыя рэгістратараў і рэгістратур краін СНД, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (TLDCON 2024). Канферэнцыя прадоўжыцца два дні.

Галоўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца ўключэнне ў абмеркаванне пытанняў, звязаных з інтэрнэтам, вядучых рэгістратараў розных нацыянальных даменаў верхняга ўзроўню і арганізацыя ўзаемадзеяння рэгістратур і рэгістратараў нацыянальных даменаў розных краін. Гэта становіцца асабліва актуальным цяпер, калі актыўна развіваюцца менавіта нацыянальныя сегменты глабальнай сеткі.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць больш за 180 прадстаўнікоў рэгістратур даменаў верхняга ўзроўню, спецыялістаў даменнай індустрыі, экспертаў у галіне інфармацыйнай бяспекі, юрыстаў з Расіі, краін СНД і іншых дзяржаў. На канферэнцыі пройдзе шэсць секцый, на якіх выступяць больш за 40 дакладчыкаў.

Адкрыў канферэнцыю дырэктар Каардынацыйнага цэнтра даменаў .RU/.РФ Андрэй Вараб'ёў. "Мы рады правесці нашу канферэнцыю на беларускай зямлі - нас з калегамі з Рэспублікі Беларусь звязваюць даўнія цёплыя дзелавыя і дружалюбныя адносіны, а нашы нацыянальныя дамены равеснікі: і расійскаму .RU і беларускаму .BY ў 2024 годзе споўнілася 30 гадоў. З 30-гадовым юбілеем нацыянальных даменаў мы віншуем яшчэ дзве рэгістратуры краін СНД (.AM, Арменія і .KZ, Казахстан), прадстаўнікі якіх таксама сёння сабраліся ў Мінску. І мы бачым, што нам ёсць што абмеркаваць: пытанні забеспячэння інфармацыйнай бяспекі нашых карыстальнікаў, хутчэйшага ўкаранення прынцыпаў універсальнага прыняцця нелацінскіх даменаў, развіцця сістэмы кіравання інтэрнэтам, рэгулявання інтэрнэт-прасторы хвалююць спецыялістаў рэгістратур і рэгістратараў даменаў нашага рэгіёна. І я ўпэўнены, што ў ходзе запланаваных дыскусій мы зможам знайсці правільныя падыходы да гэтых задач і прапануем шляхі іх вырашэння", - сказаў ён.

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач дадаў, што ў гэтым годзе Мінск прымае TLDCON 2024 і аб'ядноўвае прафесійную супольнасць для абмеркавання ключавых пытанняў, звязаных з развіццём інтэрнэту і нацыянальных даменаў верхняга ўзроўню. "Сістэма даменных імёнаў - гэта тое, на чым трымаецца сусветная сетка. Выклікі, з якімі яна сутыкаецца, і рашэнні, якія ўплываюць на яе развіццё, немагчыма абмежаваць рамкамі адной дзяржавы. У бягучым годзе адразу чатыры рэгістратуры ЕАЭС святкуюць сваё 30-годдзе - .RU, .BY, .AM і .KZ. За гэтыя гады пройдзены доўгі шлях - ад першых крокаў стварэння нацыянальных даменаў да іх інтэграцыі ў глабальную сетку, што стала магчымым дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву і абмену вопытам паміж нашымі краінамі, - адзначыў ён. - Партнёрскія адносіны паміж нашымі краінамі пры правядзенні падобных канферэнцый і форумаў адыгрываюць ключавую ролю ў фарміраванні агульнай стратэгіі развіцця інтэрнэту. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам прадаўжаць развіваць нацыянальныя дамены, забяспечваць бяспеку карыстальнікаў і падтрымліваць культурную разнастайнасць у інтэрнэце".

Першы намеснік міністра прывёў даныя аб развіцці інтэрнэту ў Беларусі: доля насельніцтва, якое карыстаецца інтэрнэтам, складае 91,5 працэнта, пранікненне шырокапалоснага доступу - 35 адзінак на 100 чалавек насельніцтва, а бесправаднога - больш за 103 адзінкі, сярэдні аб'ём спажываемага трафіка ў стацыянарнай сетцы - 200 Гб, а ў мабільным - 10 Гб.

Генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў расказаў пра развіццё беларускіх даменных зон: у 2024 годзе сярод новых рэгістрацый 63 працэнты складалі дамены ў зоне .BY, 5,7 працэнта - у зоне .БЕЛ і яшчэ 5,6 працэнта - у зоне .RU. Пры гэтым зона .RU ўпершыню выйшла на трэцяе месца, абышоўшы зону .COM. "У гэтым годзе зона. BY адзначыла сваё 30-годдзе, і мы ганарымся тым, што дзякуючы нашым намаганням даменная зона стала працаваць па міжнародных стандартах. Акрамя таго, 10 гадоў таму мы запусцілі зону .БЕЛ, якая стала другой па колькасці кірылічнай зонай у свеце. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ў нас усё атрымалася", - дадаў ён.

Намеснік дырэктара ТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі" (beCloud, тэхнічны адміністратар зон .BY і .БЕЛ) Сяргей Пракопаў прадставіў статыстыку беларускіх даменаў. Усяго ў рэспубліцы зарэгістравана 146 тыс. імёнаў: з іх 93 тыс. юрыдычнымі асобамі, 53 тыс. - фізічнымі асобамі. Пры гэтым 10 працэнтаў рэгіструюцца замежнымі карыстальнікамі, а 90 працэнтаў - рэзідэнтамі Беларусі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Таксама ён адзначыў, што ў 2016 годзе зоны .BY і .БЕЛ выйшлі на плато насычэння і цяпер узрыўнога росту не прадбачыцца.

Канферэнцыя пражаўжае сваю работу. Да трансляцыі секцый можна далучыцца на сайце канферэнцыі TLDCON 2024, Rutube і YouTube.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі