Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 мая 2021, 09:35

Каманды 13 ВНУ збярэ фінал грамадзянска-патрыятычнага марафону ў Гродне

4 мая, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў Рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага марафону "Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!" назавуць у Гродне 6 мая. За перамогу ў фінале марафону будуць спаборнічаць каманды 13 вышэйшых навучальных устаноў краіны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Фінал грамадзянска-патрыятычнага марафону "Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!" пройдзе ў Гродне з 4 па 6 мая. Завочны этап марафону праводзіўся ў сакавіку і красавіку. Каманды спаборнічалі ў конкурсах відэаролікаў "Моладзь Беларусі", плакатаў "80 гадоў пачатку Вялікай Айчыннай вайны", эсэ "Разам - у абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцей" і фотаконкурсе "На славу Вялікай Перамогі".

Па выніках завочнага тура вызначана 13 фіналістаў. За перамогу ў Гродне паспаборнічаюць прадстаўнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. У фінале марафону таксама прымуць удзел прадстаўнікі трох гродзенскіх універсітэтаў - Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

"Праграма фінальных мерапрыемстваў уключае 10 конкурсаў рознай накіраванасці - інтэлектуальнай, творчай і ваенна-спартыўнай. Аб'яднаны яны ў чатыры намінацыі - "Моладзь. Ініцыятыва. Будучыня", "Знаўцы роднай зямлі", "Разам - у абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцей" і "Да абароны Айчыны гатовы", - расказалі ў прэс-службе Купалаўскага ўніверсітэта.

Падвядзенне вынікаў марафону адбудзецца 6 мая. На гэты дзень запланаваны мітынг з ускладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям Гродна і ўрачыстая цырымонія закрыцця, якая пройдзе на стадыёне Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву.

Марафон накіраваны на фарміраванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, папулярызацыю сямейных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства адукацыі і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Упершыню гэты марафон у ГрДУ імя Янкі Купалы быў арганізаваны да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2018 годзе марафон атрымаў статус рэспубліканскага і стаў аб'ядноўваць каманды студэнтаў універсітэтаў з усёй краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі