Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 чэрвеня 2019, 20:52

Каля 80 святочных мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску 3 ліпеня

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 80 святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці, пройдуць 3 ліпеня ў Мінску, як у цэнтры горада, так і ў паркавых зонах, мікрараёнах. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта ў тым ліку рэспубліканскія, агульнагарадскія мерапрыемствы і раённыя. Плануюцца святочныя канцэрты з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці, эстрадных выканаўцаў і лепшых дзіцячых творчых калектываў, спартыўныя спаборніцтвы, выставы дэкаратыўна-прыкладной і народнай творчасці, святочны гандаль. У раёнах горада мерапрыемствы пройдуць у асноўным у паркавых зонах", - сказаў Аляксандр Шастакоў.

У цэнтральнай частцы горада галоўнай пляцоўкай для гулянняў стане тэрыторыя каля Палаца спорту. Там адбудуцца канцэртная праграма, выстаўка-кірмаш майстроў народнай творчасці. Яркім элементам стане міжнародны турнір па сілавым экстрыме Minsk Strong Battle.

На тэрыторыі Верхняга горада таксама плануюцца выступленні творчых калектываў, майстроў мастацтваў у рамках летняга музычна-турыстычнага сезона, праграма будзе прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі. Яшчэ адным месцам прыцягнення стане Траецкае прадмесце.

Кінаманы і ўсе жадаючыя змогуць наведаць тэматычныя відэапаказы дакументальных фільмаў у фае кінатэатраў сеткі "КіноМінска". На дынамічных дысплэях пакажуць "Фільм пра Рэспубліку Беларусь", "Плошча Перамогі", "Абеліскі. Курган Славы", "Водгук мінулай вайны".

Пройдуць у гэты дзень памятныя мерапрыемствы, патрыятычныя акцыі, тэматычныя мерапрыемствы ва ўстановах культуры і адукацыі.

Кульмінацыяй святкаванняў стануць ваенны парад і тэатралізаваны паказ "Беларусь гераічная", гала-канцэрт "Моцная і сучасная Беларусь", які завершыцца феерверкам.

"3 ліпеня будзе ўключана святочная ілюмінацыя, горад будзе ўпрыгожаны, парадак падтрымліваецца. Узаемадзеянне ўсіх службаў забяспечана", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Шастакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі