Сцяг Чацвер, 12 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 студзеня 2026, 09:28

Каля 58,5 тыс. беларускіх адзінаццацікласнікаў сёння прымаюць удзел у рэпетыцыі ЦЭ 

Фота з архіва
Фота з архіва
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 58,5 тыс. 11-класнікаў па ўсёй краіне прымаюць удзел у рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене, паведамляе БЕЛТА.

Для правядзення РЦЭ задзейнічаны 144 пункты па ўсёй краіне. Выпускнікі змогуць праверыць веды па рускай або беларускай мове або па адным з профільных прадметаў на выбар (фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, замежныя мовы, гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, грамадазнаўства, геаграфія).

Як раней паведамлялі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, заданні на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць аналагічнымі ЦЭ, але не будуць іх дубліраваць. Пасля праходжання РЦЭ ўдзельнікі ў асабістым кабінеце на сайце РІКВ змогуць убачыць не толькі свае балы, але і скан бланка, а таксама правільныя адказы, што дасць магчымасць выканаць работу над памылкамі. Сістэма ацэньвання застанецца ранейшай.

"РЦЭ дапаможа выпускнікам зразумець, як будзе праходзіць экзамен (ад рассадкі да запаўнення бланкаў), ацаніць свой узровень ведаў па выбраным прадмеце, а таксама навучыцца правільна размяркоўваць час на экзамене", - адзначылі ў РІКВ.

У Мінску ў рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену будуць удзельнічаць больш за 13 тыс. 11-класнікаў. Паводле слоў намесніка старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольгі Смірновай, сталічная сістэма адукацыі поўнасцю гатова да правядзення рэпетыцыі ЦЭ.

"На працягу апошніх гадоў мы адпрацавалі падыходы да арганізацыі гэтага мерапрыемства. Таму ўсе этапы працэдуры знаёмы і школам, і навучэнцам, і педагогам, і бацькам. У Мінску выпускнікоў па-ранейшаму будуць прымаць дзесяць пляцовак. Гэта вышэйшыя навучальныя ўстановы, за кожнай з іх замацаваны ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі пэўных раёнаў. Пункты правядзення працуюць гэтак жа, як яны будуць працаваць на экзамене: для дзяцей адкрыты буфеты, арганізавана медыцынскае забеспячэнне, прадугледжана камфортнае правядзенне часу для педагогаў, якія суправаджаюць вучняў", - праінфармавала намеснік старшыні камітэта.

Яна адзначыла, што большая частка сталічных выпускнікоў дабіраецца да пунктаў правядзення рэпетыцыі іспытаў на грамадскім транспарце. "З прадпрыемствам "Сталічны транспарт і сувязь" адпрацаваны ўсе маршруты. Прадпрыемства традыцыйна, разумеючы значнасць і важнасць гэтага мерапрыемства, павялічвае ў дзень яго правядзення колькасць рухомага складу, мяняе графік перамяшчэння транспарту для таго, каб усе юнакі і дзяўчаты без праблем дабраліся да пунктаў правядзення РЦЭ", - дадала Вольга Смірнова.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі