Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2020, 09:36

Каля 40 данацый плазмы чакаюць на бягучым тыдні ў РНПЦ трансфузіялогіі

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій на гэтым тыдні плануюць правесці ад 35 да 40 пераліванняў плазмы, якая будзе выкарыстоўвацца для лячэння пацыентаў з COVID-19. Аб гэтым паведаміў 17 мая ў эфіры тэлеканала СТБ дырэктар Цэнтра Фёдар Карпенка.

"Напэўна, кожны тыдзень колькасць донараў цяпер расце практычна ў паўтара раза. У бліжэйшы тыдзень чакаем, што толькі ў нас у цэнтры будзе каля 35-40 данацый. Вельмі добра, што падключыліся абласныя цэнтры трансфузіялогіі. Нарыхтоўка плазмы арганізавана і ў Мінску на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы, і ва ўсіх абласцях", - сказаў Фёдар Карпенка. Паводле яго слоў, плазму выкарыстоўваюць у медустановах каля 100 гарадоў краіны.

Першую данацыю плазмы правялі ў Беларусі 11 красавіка. За гэты перыяд некаторыя донары паспелі здаць плазму тройчы. Перад працэдурай трэба прайсці паглыблены медыцынскі агляд, які арганізаваны даволі хутка. Сама працэдура пералівання доўжыцца ад 30 да 50 хвілін. 99 працэнтаў донараў пераносяць забор плазмы без якіх-небудзь пабочных эфектаў. На сённяшні дзень у Беларусі больш за 120 чалавек сталі донарамі плазмы, пры гэтым было зарэгістравана больш за 200 жадаючых запісацца на пераліванне. Аднак не ўсе падышлі з-за проціпаказанняў або адсутнасці антыцелаў у арганізме.

"Інтэрвал паміж данацыямі 14 сутак. У 85 працэнтаў тых, хто да нас звяртаўся, мы бачым утварэнне антыцелаў. Прычым пакуль тое, што мы бачым, трапляе ў класічныя пастулаты ходу такіх інфекцый, калі дзесьці на пятыя-дзясятыя суткі кантакту з інфекцыяй пачынаюць утварацца гэтыя антыцелы. Пік павінен быць на другі-трэці месяц ад моманту кантакту", - растлумачыў Фёдар Карпенка.

Ён заўважыў, што антыцелы часцей за ўсё прысутнічаюць у маладых пацыентаў, а таксама тых, хто перахварэў у сярэдніх, цяжкіх формах. Вынікі такога метаду лячэння шляхам пералівання крыві ўражваюць беларускіх медыкаў. "Мы рады, што шмат станоўчых эфектаў. Гэта стымулюе нас, сапраўды натхняе на далейшую работу, на размовы, пошук і агітацыю за гэту тэхналогію", - сказаў дырэктар РНПЦ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі