Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 ліпеня 2019, 16:21

Каля 1,9 тыс. заявак пададзена на конкурс бізнес-ідэй па развіцці МСП у 12 пілотных раёнах праекта ПРААН

16 ліпеня, Мінск /Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА/. На конкурс бізнес-ідэй у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па падтрымцы эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні пададзена каля 1,9 тыс. заявак. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Матусевіч перад пачаткам семінара "Міжнародныя падыходы і практыкі стымулявання мясцовага эканамічнага развіцця", які праходзіць у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы правялі пілотнае апытанне рэгіёнаў, пададзена 1 869 праектных прапаноў, якія ўжо з наступнага года будуць прафінансаваны", - сказаў намеснік міністра. Гэтыя праекты маюць канкрэтны эканамічны, сацыяльны і экалагічны ўклад, дадаў ён.

Прапановы з усіх сфер - гэта і культура, і вытворчасць, паслугі, перапрацоўка, спорт і г.д. Паводле даных ПРААН, кожны з 12 раёнаў падаў не менш як 100 заявак. Лідзіруюць Лідскі, Бярозаўскі, Барысаўскі і Маладзечанскі раёны, якія накіравалі на конкурс 200, 191, 183 і 182 заяўкі адпаведна. Хоцімскі і Кобрынскі раёны, колькасць насельніцтва ў якіх найменшая, прадставілі 100 і 151 заяўку адпаведна.

Асноўны від мяркуемай дзейнасці - аказанне паслуг. З агульнай колькасці заявак на іх долю прыпадае 67 працэнтаў. У прыватнасці, аўтары выклалі свае ідэі ў сферах турызму і аграэкатурызму, забаў, бытавой і сацыяльнай, касметалогіі, дадатковай адукацыі. У 5 працэнтах заявак змешчаны прапановы па перапрацоўцы - прамысловых, пластыкавых адходаў, сельгаспрадукцыі і адходаў нафтаперапрацоўкі.

Лепшыя з пададзеных бізнес-ідэй будуць прапанаваны для ўключэння ў раённыя планы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Удзельнікам сённяшняга семінара былі прадстаўлены міжнародныя метадалогіі мясцовага эканамічнага развіцця, што паспяхова рэалізуюцца ў практыцы планавання і кіравання тэрыторыямі (тэрытарыяльна арыентаванае развіццё, рэгіянальныя інавацыйныя сістэмы, мясцовае эканамічнае развіццё і пашырэнне занятасці, аптымізацыя бізнес-працэсаў і вытворчых сістэм).

"Мы спадзяёмся, што лепшая замежная практыка будзе апрабавана ў Беларусі, ляжа ў аснову распрацоўкі мясцовай эканамічнай палітыкі, якая створыць умовы для павышэння эканамічнага патэнцыялу, канкурэнтаздольнасці раёнаў, стварэння новых дастойных рабочых месцаў і актывізацыі прадпрымальніцтва", - адзначыў у сваім прывітальным слове намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар.

Чакаецца, што ў выніку азнаямлення з прадстаўленымі метадалогіямі кожны з пілотных раёнаў пры ўдзеле экспертаў і з улікам патрэбнасцей раёна зможа выбраць адну з прапанаваных метадалогій для яе далейшага пілатавання.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" зарэгістраваны Міністэрствам эканомікі ў студзені 2019 года. Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з міністэрствам. Тэрмін рэалізацыі праекта - 36 месяцаў: з 1 лютага бягучага года да 31 студзеня 2022-га. Праект накіраваны на падтрымку розных форм эканамічнай ініцыятывы, канкурэнтаздольнасці і інавацыйнай дзейнасці для інклюзіўнага развіцця на мясцовым узроўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі