Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 красавіка 2019, 19:09

Каля 1 тыс. беларускіх і расійскіх дэсантнікаў удзельнічаюць у сумесным вучэнні пад Брэстам

15 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. На палігоне Брэсцкі сёння адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця планавага двухбаковага беларуска-расійскага батальённага тактычнага вучэння з баявой стральбой, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У вучэнні ўдзельнічаюць парашутна-дэсантны батальён 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, узмоцнены парашутна-дэсантнай ротай 106-й гвардзейскай Тульскай паветрана-дэсантнай дывізіі, і дэсантна-штурмавы батальён 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады - усяго амаль 1 тыс. ваеннаслужачых. Задзейнічана больш за 100 адзінак тэхнікі: гэта розныя сучасныя браніраваныя транспартныя сродкі, аўтамабілі, малакаліберныя зенітныя артылерыйскія комплексы (МЗАК), гаўбіцы. Усю тэхніку і ўзбраенне для вучэнняў прадаставіў беларускі бок.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Уладзімір Белы адзначыў высокі ўзровень палявой вывучкі войскаў і гатоўнасць штабоў кіраваць імі. "Галоўная задача - падтрымліваць дасягнутае ўзаемадзеянне паміж нашымі фарміраваннямі", - сказаў ён, пажадаўшы прадстаўнікам крылатай гвардыі паказаць лепшае, на што яны здольныя.

Актыўная фаза вучэнняў пройдзе з 16 па 18 красавіка. "У аснову вучэння пакладзены актуальныя пытанні баявой і тактычнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых пры лакальных канфліктах. Нашы падраздзяленні будуць сумесна выконваць задачы па контрдыверсійнай барацьбе, - расказаў журналістам Уладзімір Белы. - Перамяшчэнне ў раёны вучэння ажыццяўляецца камбінаваным спосабам: ваеннаслужачыя павінны ў калонах пераадолець участкі разбурэнняў, водныя перашкоды, правесці мерапрыемствы інжынернага забеспячэння па іх пераадоленні. На рубяжах блакіравання і лакалізацыі раёна, дзе размяшчаюцца незаконныя ваенныя фармаванні, будзе ажыццяўляцца так званы вертыкальны ахоп з дэсантаваннем. Будзе пастаянна весціся паветраная разведка з выкарыстаннем беспілотных авіяцыйных комплексаў і малых лятальных апаратаў".

Гэта ўжо другія сумесныя вучэнні беларускіх і расійскіх дэсантнікаў у бягучым годзе. Літаральна месяц таму беларускія ваеннаслужачыя вярнуліся з Ульянаўска, дзе выконвалі задачы, звязаныя з міратворчай тэматыкай. Таксама ў бягучым годзе прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый прымуць удзел у сумесным аператыўным вучэнні "Шчыт Саюза". А восенню, у кастрычніку, на палігоне Брэсцкі пройдзе вучэнне, дзе расійскі бок будзе прадстаўлены батальёнам са сваёй штатнай тэхнікай і ўзбраеннем.-0-

Фота Вадзіма Якубёнка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі