Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 снежня 2020, 18:20

Кадлубай: у акцыі "Нашы дзеці" можа паўдзельнічаць кожны

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" можа паўдзельнічаць кожны грамадзянін, заявіў сёння журналістам намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай падчас урачыстага адкрыцця акцыі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў краіне стартавала традыцыйная акцыя "Нашы дзеці", якая рэалізуецца з 1995 года па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Акцыя ўключае выставы, кірмашы, навагоднія паказы. Напрыклад, цяпер праходзіць рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Калядная зорка" і рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурачак "Елка-Фэст". Прыемна бачыць, што адгукаюцца многія прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх форм уласнасці і з году ў год сума сабраных сродкаў павялічваецца. У гэты час кожны можа павіншаваць дзяцей і стварыць для іх казачную атмасферу", - сказаў Аляксандр Кадлубай.

Намеснік міністра пажадаў дзецям здароўя, шчасця, поспехаў ва ўсіх пачынаннях. "Няхай дзеці атрымаюць толькі пазітыўныя эмоцыі, сустрэнуць калядныя і навагоднія святы ў акружэнні сям'і, блізкіх і сяброў. Няхай усе жаданні, якія яны загадаюць, абавязкова спраўдзяцца ў 2021 годзе", - дадаў ён.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран. "У Мінску створаны ўсе ўмовы, каб дзіця магло развівацца менавіта па тых інтарэсах, якія яму бліжэйшыя. Усё, што хочаш - спорт, навука або інфарматызацыя, - ёсць у Мінску. Галоўнае - жаданне займацца выбранай справай. Пачынаючы з сённяшняй акцыі, мы разам ствараем чарадзейства, з усмешкай і надзеяй глядзім у новы год, які абавязкова прынясе радасць, поспех і перамогу ў справах, якія сабе намецілі", - падкрэсліў ён.

Перад пачаткам сённяшняга навагодняга паказу ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі арганізатары правялі інтэрактыўную праграму. У ёй удзельнічалі дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем'яў, а таксама пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў. Дзеці сапернічалі ў спартыўных спаборніцтвах, рашалі інтэлектуальныя і творчыя заданні.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць з 10 снежня па 10 студзеня. У гэты час ва ўсіх рэгіёнах краіны адбудуцца навагоднія паказы. Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы і дамы сямейнага тыпу, бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем'і, павіншуюць дзяцей з Новым годам, Раством і ўручаць падарункі, дапамогуць у вырашэнні існуючых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучацца грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі. Усе мерапрыемствы пройдуць з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, накіраваных на мінімізацыю рызыкі заражэння СOVID-19. Для гэтых мэт прадугледжаны дадатковыя аўтобусы, каб пасадзіць дзяцей па адным, пітная вада ў малой тары, маскі і дэзсродкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі