Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 кастрычніка 2021, 16:58

Качанава: знешнія намаганні па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі становяцца ўсё больш вераломнымі

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Знешнія намаганні па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі становяцца ўсё больш вераломнымі, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час пленарнага пасяджэння трэцяга Еўразійскага жаночага форуму на тэму "Жанчыны: глабальная місія ў новай рэальнасці" ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы жывём у складаны час. Свет праходзіць сур'ёзныя выпрабаванні на трываласць. І справа не толькі ў пандэміі. Узмацняецца канфрантацыя культур і цывілізацый, абвастраецца рыторыка ў міжнародных адносінах, павялічваецца агрэсія ў інфармацыйнай прасторы, ствараюцца рэальныя пагрозы распаўсюджвання радыкалізму і экстрэмізму. І самае страшнае - страчваюцца добрыя чалавечыя сувязі, заснаваныя на любові, даверы і павазе, сціраюцца этычныя межы норм паводзін, - сказала Наталля Качанава. - Усяго шэсць гадоў таму, слухаючы выступленні ўдзельніц першага форуму аб міжусобіцах, агрэсіі, узброеных сутыкненнях у іх краінах, я глыбока суперажывала гэтым жанчынам. І было зусім незразумела, як такое можа адбывацца ў ХХІ стагоддзі. Тады для нашай краіны ўсё гэта было нехарактэрна. Беларусь - маладая, з дынамічным развіццём рэспубліка, дзе ў цэнтры ўвагі заўсёды быў і застаецца чалавек. Пад мудрым кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта праводзіцца паслядоўная палітыка, накіраваная на стварэнне камфортных умоў і паляпшэнне якасці жыцця людзей".

Пад асаблівай аховай дзяржавы ў Беларусі - мацярынства і дзяцінства, шматдзетныя сем'і, старэйшае пакаленне і людзі з інваліднасцю. У міры і згодзе ў нас жывуць прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцей. Беларусь адбылася як тэрыторыя сацыяльнай справядлівасці, міру і спакою.

"2020 год стаў для нас выпрабаваннем. Нахабнае і цынічнае ўмяшанне знешніх сіл парушыла прывычнае жыццё. Супраць нашай краіны разгорнута маштабная і інтэнсіўная гібрыдная вайна, у тым ліку шляхам выкарыстання сацыяльных сетак інтэрнэту. На вялікі жаль, у палітычныя гульні былі ўцягнуты некаторыя нашы суайчыннікі. Паддаўшыся на правакацыі варожых медыя, аблудныя сталі інструментам у руках ідэолагаў каляровых рэвалюцый. Яны бяздумна дзейнічалі па чужой указцы, распальваючы варожасць сярод суседзяў, калег і нават у сваіх сем'ях. Балюча было бачыць, як зневажаліся нацыянальныя асновы і каштоўнасці, абражаліся дзяржаўныя сімвалы. У белым адзенні, з чырвонымі кветкамі яны праводзілі акцыі і пад народныя песні пад выглядам мірнага пратэсту на самай справе дзейнічалі супраць дзяржавы. Глыбокае расчараванне і сорам беларускай нацыі - асобныя грамадзянкі. Насуперак прыродзе беларускай жанчыны - быць захавальніцай сямейнага дабрабыту, крыніцай творчага натхнення і духоўнасці, сімвалам міласэрнасці і гармоніі - яны спачатку выйшлі на вуліцы, а цяпер бадзяюцца па чужых дамах. Выпрошваючы гранты і заклікаючы да санкцый, яны гандлююць дабрабытам людзей у нашай краіне", - адзначыла спікер.

Наталля Качанава падкрэсліла: мы, беларусы, не можам прыняць гэта. "У нашай генетычнай памяці жывы ўзрушэнні разбуральных войнаў, развязаных не намі і не па нашай волі. У гэтым годзе роўна 100 гадоў як беларускія землі былі разарваны на заходнія і ўсходнія, і толькі ў 1939 годзе іх удалося ўз'яднаць. Менавіта ў 2020 годзе мы адзначылі 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, дзе загінуў кожны трэці наш жыхар. Усе сілы добрай волі ў нашай краіне з'ядналіся супраць спакойных і асцярожных спроб чарговы раз раздзяліць нас, беларусаў, і зажыва пахаваць нашу дзяржаўнасць. Прадстаўнікі беларускага народа - члены Савета Рэспублікі, дэпутацкі корпус, працоўныя калектывы, прафесійныя саюзы, грамадскія аб'яднанні - заклікалі сусветную супольнасць пакінуць Беларусь у спакоі і не перашкаджаць нам самастойна будаваць свой лёс. Мы заўсёды гатовы да адкрытага і сумленнага дыялогу з усімі. Мы заўсёды будзем імкнуцца захоўваць мір, спакой і парадак на Зямлі, нармальныя чалавечыя адносіны. У абарону сваёй Айчыны ўступіліся беларускія патрыёткі, аб'яднаўшыся на Першым беларускім жаночым форуме ў верасні мінулага года. З крыкам душы мы звярнуліся да ўсіх, каму блізкія чалавечнасць, спагада, клопат пра падрастаючае пакаленне", - адзначыла яна.

Наперакор намаганням нядобразычліўцаў беларусы выстаялі. "Мы захавалі сваю дзяржаўнасць. Бо за намі - праўда. І мы канчаткова зразумелі, хто ёсць хто, - канстатавала старшыня Савета Рэспублікі. - Знешнія намаганні па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі не спыняюцца, становяцца ўсё больш дзёрзкімі і вераломнымі. Радыкалізацыя нарастае - замах на журналіста, спробы падпалаў дамоў дэпутатаў і дзяржслужачых. А нядаўна - забойства супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры выкананні службовага абавязку. Любое адэкватнае дзеянне з боку Беларусі - ці тое прадастаўленне аэрапорта для пасадкі самалёта з-за тэрарыстычнай пагрозы або абарона дзяржаўнай граніцы ад патоку нелегальных мігрантаў - выклікае шмат эмоцый. І гэта амаль адразу пазбаўляе магчымасці абмеркавання нашых дзеянняў у рацыянальным рэчышчы", - сказала спікер.

Але важна, што ў гэтым свеце мы не адны. "Ёсць тыя, хто глядзіць з намі ў адзін бок, для каго добрасуседства і прыстойнасць, гуманнасць і справядлівасць - гэта не проста прыгожыя словы, а прынцып жыцця. Мы ўдзячныя ўсім краінам, якія падтрымалі нас у гэты няпросты час і падтрымліваюць цяпер. І, вядома, нашаму братэрскаму народу - расіянам - і кіраўніцтву краіны. Пройдзеныя выпрабаванні загартавалі нас, памножылі сілу духу, сталі яшчэ адной нацыянальнай скрэпай. Мы ў поўнай меры ўсвядомілі каштоўнасць нашага адзінства. Менавіта таму 2021-ы аб'яўлены ў Беларусі Годам адзінства. 17 верасня мы ўпершыню адзначылі новае беларускае свята - Дзень народнага адзінства, - дадала яна. - Падзеі 2020 года датычацца не толькі Беларусі. Гэта наша агульная праблема. Паколькі якраз цяпер у аналагічнай сітуацыі можа апынуцца абсалютна любая дзяржава. З дапамогай электронных гаджэтаў і інтэрнэту можна падарваць стабільнасць і спакой у любой кропцы свету. Таму сёння ніяк нельга быць абыякавым. Трэба ісці насустрач, шукаць агульныя падыходы, слухаць і чуць адзін аднаго, дапамагаць у любых цяжкіх сітуацыях. Напрыклад, як гэта адбываецца ў нас з Расіяй і Кітаем у барацьбе з COVID-інфекцыяй. Мы без прамаруджвання накіравалі гуманітарную дапамогу кітайскаму народу, які першым сутыкнуўся з пандэміяй. У сваю чаргу нашы стратэгічныя партнёры дапамагаюць нам процістаяць гэтаму выкліку. Мы бязмежна ўдзячны кіраўніцтву, народам Расіі і Кітая за цеснае, адкрытае супрацоўніцтва з Беларуссю".

Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і МПА СНД праводзяць 13-15 кастрычніка трэці Еўразійскі жаночы форум у Санкт-Пецярбургу. Форум праходзіць раз у тры гады і прытрымліваецца ідэй інтэграцыі і развіцця супрацоўніцтва для ўзмацнення ролі жанчын у дасягненні мэт устойлівага развіцця і фарміравання новых падыходаў да вырашэння глабальных задач, прадыктаваных палітычнымі, эканамічнымі, тэхналагічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі змяненнямі. У форуме ўдзельнічаюць жанчыны-парламентарыі, прадстаўнікі выканаўчых органаў улады, міжнародных арганізацый, глабальных карпарацый, дзелавых колаў, навуковай супольнасці, грамадскіх арганізацый і дабрачынных праектаў, аўтарытэтныя дзеячы міжнароднага жаночага руху.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі