28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца дзецям, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час дабрачыннай акцыі "Збяром партфель першакласніку" для выхаванцаў ДУА "Сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Ленінскага раёна г. Мінска", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нашай краіне мы вельмі сур'ёзна ставімся да дзяцей, да іх пытанняў. Усе настаўнікі, педагогі, выхавальнікі рыхтуюцца да новага навучальнага года - каб усё было прыгожа і добраўпарадкавана, спартыўныя залы былі добрыя, каб вы маглі атрымліваць не толькі веды, але і займацца спортам, творчасцю. Вельмі хацела б, каб вам падабалася ў школе, каб вы добра вучыліся. Трэба ўжо сёння думаць і пра сваю мару. Марце, выбірайце будучую прафесію, гэта вельмі важна. І самае галоўнае - будзьце здаровыя і шчаслівыя", - адзначыла Наталля Качанава, звяртаючыся да выхаванцаў цэнтра.
Члены пярвічнай арганізацыі РГА "Белая Русь" Савета Рэспублікі падрыхтавалі хлопчыкам і дзяўчынкам падарункі да новага навучальнага года - канцылярскія тавары, ласункі і фрукты. Спікер падзякавала педагогам і супрацоўнікам цэнтра за іх працу. "Дзякуй вам вялікі. І ўсім, хто працуе разам з вамі. Вы робіце вельмі важную справу, сваё сэрца і цяпло сваёй душы аддаяце дзецям, а гэта вельмі важна. Думаю, яны гэта з удзячнасцю прымаюць і аддадуць вам у сто разоў, калі пасля заканчэння імі навучальных устаноў вы будзеце сачыць за іх лёсам: дзе яны вучацца і як жывуць, - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. - Вы ведаеце, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка заўсёды ўдзяляе вялікую ўвагу дзеткам. Літаральна ўчора прайшоў вялікі Рэспубліканскі педсавет, на якім ён гаварыў аб тым, як сёння вучыць нашых дзяцей. Паколькі яны - наша будучыня, будучыня нашай краіны. Мы вельмі хочам, каб наша краіна была мірнай, спакойнай і працвітаючай. І нашы дзеці, калі падрастуць, упэўнена, будуць рабіць для гэтага ўсё".
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Ленінскага раёна г.Мінска" адкрыта ў верасні 2005 года. Яна размешчана ў адзіным будынку, дзе ў асобным крыле пражываюць выхаванцы прытулку, ёсць добраўпарадкаваная тэрыторыя з зонамі адпачынку, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, сучасная трэнажорная зала, кухня, пральня, сталовая, актавая зала. Выхаванцы цэнтра забяспечаны харчаваннем, адзеннем, абуткам, канцылярскімі прыладамі, сродкамі асабістай гігіены, цацкамі, кнігамі. Выхаванцы цэнтра школьнага ўзросту вучацца ў сярэдняй школе нумар 40 г. Мінска. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі вольнага часу дзяцей. Усе выхаванцы наведваюць аб'яднанні па інтарэсах спартыўнай і творчай накіраванасці. У выхадныя і святочныя дні, а таксама ў канікулярны час дзеці наведваюць сацыякультурныя аб'екты горада: музеі, цырк, кінатэатры, паркі, заапарк, дзіцячую чыгунку, арганізуюцца экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі.-0-
Фота Сяргея Шэлега