Сцяг Нядзеля, 21 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 чэрвеня 2024, 17:54

Качанава: візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў КНР надасць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву

Наталля Качанава
Наталля Качанава
3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў КНР надасць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву. Аб гэтым заявіла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З 27 па 30 мая адбыўся афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Кітайскую Народную Рэспубліку. У час візіту прайшлі сустрэчы з намеснікам старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам, старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжаа Лэцзі, старшынёй Усекітайскай федэрацыі жанчын Шэнь Іцынь, першае пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

"Даўно не было візітаў кіраўнікоў парламента ў Кітай. У ходзе візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай у сакавіку 2023 года размова ішла і аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Было прынята рашэнне, што мы павінны наведаць Кітай з афіцыйным візітам. Нас запрасіў старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжаа Лэцзі, каб вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва", - адзначыла Наталля Качанава.

Спікер нагадала, што ў 2023 годзе падпісана міжпарламенцкае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў. Створаны Камітэт высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. У час візіту прайшло яго першае пасяджэнне.

"Кола пытанняў, якія мы абмяркоўвалі, было даволі шырокае. Гэта перш за ўсё заканадаўчая база Кітая і Беларусі, каб мы зверылі свае крокі. Мы ўбачылі, што сапраўды шмат што зроблена ў Кітаі. Перш за ўсё па прыняцці законаў аб захаванні суверэнітэту і незалежнасці сваёй краіны, аб неўмяшанні ва ўнутраныя справы, аб абароне сваёй краіны ад санкцыйнага націску. Для нас гэта было цікавым. Вы ведаеце, у нас таксама прыняты шэраг заканадаўчых актаў, якія даюць магчымасць вырашаць гэтыя пытанні. Разам з тым мы зверылі свае падыходы ў заканатворчай дзейнасці", - падкрэсліла спікер.

Асаблівая ўвага была ўдзелена эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. "Наша супрацоўніцтва з Кітаем больш за тры дзесяцігоддзі развіваецца плённа абсалютна па ўсіх напрамках. У бліжэйшы час будзе падпісаны план "Беларусь - Кітай: партнёрства-2030". Мы абмеркавалі гэтыя пытанні, заслухалі нашых калег, як развіваецца КНР, вызначылі ключавыя напрамкі ў гэтым супрацоўніцтве. Акрамя таго, гуманітарнае супрацоўніцтва, па лініі грамадскіх арганізацый, што для нас вельмі важна. Гэтыя ключавыя напрамкі, якія мы абмяркоўвалі на Камітэце высокага ўзроўню, мы будзем пашыраць у далейшым і працаваць так, каб наша супрацоўніцтва, усепагоднае, усебаковае стратэгічнае партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем развівалася больш эфектыўна. Для гэтага ёсць абсалютна ўсе падставы, - падкрэсліла Наталля Качанава. - Упэўнена, гэты візіт надасць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву. Інтэнсіфікацыя абменаў дэлегацыямі, супрацоўніцтва па парламенцкай лініі выйдуць на новы ўзровень".-0-
Фота Мікалая Пятрова, Савета Рэспублікі
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі