3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узаемадзеянне Беларусі і Кітая павінна і ў далейшым развівацца гэтак жа эфектыўна, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюнам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рады адносінам, якія складваюцца паміж нашымі краінамі. Зусім нядаўна з візітам у нашай краіне быў прэм'ер Дзяржаўнага савета КНР, падпісаны новыя пагадненні, якія датычацца экспарту паслуг, у цэлым эканамічнага ўзаемадзеяння. Усё гэта надасць імпульс у нашым супрацоўніцтве", - сказала Наталля Качанава.
Спікер падзякавала паслу за арганізацыю афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Кітайскую Народную Рэспубліку ў маі гэтага года. У рамках візіту адбылося першае пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і КНР. "У бліжэйшы час мы павінны правесці яшчэ адно пасяджэнне, дзе б зверылі нашы падыходы пры рэалізацыі тых задач, якія пастаўлены кіраўнікамі нашых дзяржаў, - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. - Мы будзем рабіць усё для таго, каб тое стратэгічнае партнёрства, якое складваецца паміж нашымі краінамі, прадаўжалася гэтак жа эфектыўна. Дасканаласці няма мяжы, таму будзем старацца".
Сённяшняя сустрэча была арганізавана з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі Се Сяаюна ў Рэспубліцы Беларусь. "Але я ўпэўнена, вы сталі добрым сябрам нашай краіны. І вядома, мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва, дзе б вы ні працавалі. Мы заўсёды будзем рады бачыць вас у Беларусі", - дадала Наталля Качанава.-0-
Фота Мікалая Пятрова