6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася сёння з украінскімі палітыкамі Аляксандрам Марозам, Аляксеем Беражным і Васілём Цушко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я шчыра рада вас вітаць у Савеце Рэспублікі. Вядома, гэта сустрэча для нас важная, думаю, і для вас яна будзе даволі цікавай. Украіна заўсёды была і застаецца для нас блізкай суседкай, той краінай, з якой нас звязваюць доўгія гады дружалюбных, роднасных адносін. І ўкраінскі народ заўсёды быў родным для нас. У гэтым няма ніякага сумнення і гэта сапраўды так. Вы ведаеце, што мы заўсёды радаваліся тым адносінам, якія складваліся паміж нашымі краінамі, той падтрымцы, якая была ў міжнародных арганізацыях, калі праходзілі сустрэчы на высокім і вышэйшым узроўні, калі ў нас складваліся добрасуседскія адносіны. Сёння па ініцыятыве ўкраінскага боку гэтыя адносіны пастаўлены на паўзу, на жаль. Але ўсё роўна супрацоўніцтва засталося - гандлёва-эканамічныя, культурныя сувязі, а самае галоўнае - народная дыпламатыя. Гэта самае важнае. Як беларускі народ ставіцца па-добраму да ўкраінскага, так і ўкраінскі - да беларускага. І ў гэтым няма ніякага сумнення. Упэўнена, што сённяшняя сітуацыя часовая і разважлівасць пераможа", - сказала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, гэты візіт дасць магчымасць украінскім палітыкам азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй у нашай краіне. "Пэўныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ў мінулым годзе, не могуць нас не хваляваць сёння. І вы ведаеце рэакцыю некаторых краін на гэту сітуацыю. Але лепш не чуць, а паглядзець, што на самай справе адбываецца. Таму дзякуй, што вы прыехалі да нас, каб паглядзець, як развіваецца наша краіна, на сацыяльна-эканамічнае развіццё, грамадска-палітычную абстаноўку. Я ведаю, што вы пабывалі ўжо ў Віцебскай вобласці. Рада, што азнаёміцеся яшчэ з Мінскам і Мінскай вобласцю. Мы гатовы адказаць на ўсе пытанні, якія вас цікавяць. Мы адкрыты. І думаю, што вы данесяце рэальную сітуацыю аб нашай краіне разважлівым людзям, якіх шмат ва Украіне. Я ў гэтым проста ўпэўнена. Народная дыпламатыя вельмі важная. Хоць многія яе ведаюць і так: мы ж узаемадзейнічаем. Людзі прыязджаюць, мы абменьваемся меркаваннямі. Ёсць шмат гарадоў-пабрацімаў, у папярэднія гады падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве паміж імі і людзі сапраўды супрацоўнічаюць", - адзначыла спікер.
"Вялікі вам дзякуй за тое, што нас прымаеце. Мы, шчыра кажучы, збіраліся наведаць Беларусь і не думалі, што будзем сустракацца з вышэйшым кіраўніцтвам. Рэалізуючы ідэю народнай дыпламатыі, мы хацелі ўбачыць, як людзі жывуць на месцах, чым займаюцца, якое грамадскае жыццё ў Беларусі, як вытворчасці развіваюцца. Таму што аб'ектыўнай інфармацыі малавата ў нас, ветліва кажучы. Мы ўчора ў Віцебскай вобласці былі на трох камбінатах, сустракаліся з людзьмі, гаварылі аб сітуацыі там. Мяне прывабіў знешні выгляд, парадак на тэрыторыі", - дадаў Аляксандр Мароз.
Украінскі палітык упэўнены, што ўсё гэта дэманструе любоў беларусаў да сваёй зямлі, сведчыць аб высокай культуры людзей.
"Мы лічым, што людзі павінны ўзаемадзейнічаць метадамі народнай дыпламатыі, каб кожны для сябе рабіў высновы, якая павінна быць перспектыва, - растлумачыў Аляксандр Мароз журналістам. - Сёння каля 106 тыс. украінцаў у вас працуюць, і гэта шмат аб чым сведчыць. Людзі шукаюць сабе прыстанішча, каб была работа, перспектыва на жыццё. Сацыяльная абароненасць людзей адчуваецца ў Беларусі, і гэта трэба цаніць. Нам ва Украіне трэба, каб людзі не ўцякалі са сваёй краіны. Метадамі народнай дыпламатыі можна даць зразумець, як можна пераўтварыць сваё жыццё. Упэўнены, што многае, што робіцца ў Беларусі, будзе нам карысна".
Украінскі палітык дадаў: "Мая размова з вамі не будзе вітацца многімі ва Украіне, але я не імкнуся некаму дагаджаць. Я гавару аб тым, што бачыў: канкрэтная справа, канкрэтныя прыклады, доказы магчымага пераўтварэння жыцця людзей. Я люблю Украіну, я сапраўдны патрыёт, і я хачу, каб там было жыццё для людзей з перспектывай для дзяцей і ўнукаў".-0-
