5 чэрвеня, Любань /Кар. БЕЛТА/. Дзяржавай прыняты ўсе меры, каб пастаўленыя задачы па меліярацыі зямель былі выкананы, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на пасяджэнні экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выязное пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі праходзіць у Любані. Яго тэма - "Аб практыцы прымянення заканадаўства і рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання". Сярод удзельнікаў пасяджэння - члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўніцтва абласных і Любанскага раённага выканаўчых камітэтаў, абласных, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў Любанскага раёна, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама абласных меліярацыйных і лесагаспадарчых аб'яднанняў, землеўпарадкавальных і прыродаахоўных службаў, іншых арганізацый.
"Быў пратакол даручэнняў Прэзідэнта ў 2023 годзе, і пастаўлена задача ўраду сумесна з аблвыканкамамі забяспечыць у 2023-2025 гадах трохразовае павелічэнне ў адносінах да 2021 года аб'ёмаў рэканструкцыі меліярацыйных сістэм і культур тэхнічнай меліярацыі", - нагадала спікер.
Цяпер у Беларусі 2 млн 810 тыс. га меліяраваных зямель, што складае 37 працэнтаў ад усёй плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў. "У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта неабходна ўвесці ў эксплуатацыю 412 тыс. га меліяраваных зямель. Фактычна за тры гады было ўведзена ў эксплуатацыю 195 тыс. га зямель, а за 2024-2025 гады трэба ўвесці 277 тыс. га. Гэта значыць заданне вельмі напружанае. Таму работа чакаецца сур'ёзная", - адзначыла спікер.
"Лічу, што з боку дзяржавы прыняты ўсе меры, каб пастаўленыя задачы былі выкананы", - канстатавала Наталля Качанава.
Удзельнікі пасяджэння плануюць абмеркаваць прымаемыя меры па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па пытаннях меліярацыі зямель, ход рэалізацыі праграмных мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння, перспектывы ўключэння ў гаспадарчы абарот зямель сельгаспрызначэння, занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю, іншыя актуальныя пытанні прымянення заканадаўства і рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання.-0-
Фота Таццяны Матусевіч