ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 16 кастрычніка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 ліпеня 2021, 20:00

Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага парламента

Наталля Качанава
Наталля Качанава

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з членамі Прэзідыума Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я шчыра рада вітаць вас. Мы дамаўляліся, што будзем перыядычна сустракацца для таго, каб абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні парадку дня, зверыць гадзіннікі ў нашай рабоце. Нам сёння вельмі важна ведаць, чым займаецца Маладзёжны савет, нашы маладыя калегі. Мы ўжо некалькі такіх сустрэч правялі, - расказала Наталля Качанава. - Я перш за ўсё хачу вам падзякаваць за тое, што прымаеце актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах Савета Рэспублікі. Зусім нядаўна мы праводзілі выязное пасяджэнне Прэзідыума ва Ушачах, дзе прымалі ўдзел і нашы маладыя калегі. Я думаю, што гэта добрая школа, добры вопыт у рабоце. І мы яго прадоўжым".

Паводле слоў спікера, маладым парламентарыям неабходна больш узаемадзейнічаць з людзьмі ў рэгіёнах. "Нам як ніколі трэба больш сустракацца з рознымі катэгорыямі людзей, размаўляць, тлумачыць, расказваць. Людзі яшчэ інфармацыйна шмат чаго не ведаюць. Таму што інтэрнэт-крыніцы, сайты сведчаць аб тым, што бруд, хлусня і фэйкі будуць прадаўжацца. Нам гэтага не пазбегнуць. Але нам важна працаваць на апярэджанне, а гэта значыць - сустракацца з людзьмі і даводзіць да іх праўдзівую інфармацыю, якая мае месца быць", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

І ў гэтым плане, як падкрэсліла Наталля Качанава, сябе добра зарэкамендавалі прыёмы грамадзян. "Наступнае выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі ў першай дэкадзе жніўня мы будзем праводзіць у Мінску. Выедзем ва ўсе адміністрацыі горада, а потым падвядзём вынікі", - дадала яна.

Маладзёжны парламент працуе толькі адзін год, але ўжо шмат зроблена, упэўнены старшыня камісіі па прадпрымальніцтве, эканоміцы і інавацыйным развіцці Максім Крупейчанка. "Гэты год вельмі плённы. Ужо відаць рэальныя вынікі нашай работы. Маладзёжны парламент складаецца з 70 членаў - гэта юнакі і дзяўчаты з усёй краіны. Па нашай тэматыцы былі арганізаваны грамадскія прыёмныя на пастаяннай аснове. Таксама члены Маладзёжнага парламента ўдзельнічаюць у дыялогавых пляцоўках, у арганізацыі маладзёжнага бізнес-інкубатара. Гэта значыць, на мой погляд, Маладзёжны парламент сябе апраўдаў. І хочацца сказаць дзякуй за падтрымку, якую аказвае Савет Рэспублікі ў нашай дзейнасці", - адзначыў ён.

Старшыня Вішоўскага сельскага выканаўчага камітэта, намеснік старшыні камісіі па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці Дзмітрый Карпікаў дадаў, што ў Маладзёжнага парламента вялікія перспектывы. "Я лічу, што за гэты год шмат зроблена. Перавага маладзёжнага парламента ў тым, што мы знаходзімся па ўсёй Беларусі і можам пачуць моладзь у самай аддаленай глыбінцы. У гэтых юнакоў і дзяўчат шмат цікавых думак і ідэй, якія хацелася б данесці да самага высокага ўзроўню. І менавіта гэта мы якраз можам зрабіць. Я думаю, што ў нас яшчэ ўсё наперадзе. Таму не трэба спыняцца. Работы яшчэ шмат", - дадаў малады парламентарый.

Так, членамі Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе ініцыяваны праект "Гістарычная памяць" у рамках якога ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці ў красавіку 2021 года на месцы канцэнтрацыйнага лагера праведзены мітынг-рэквіем, а таксама аб'яўлены збор сродкаў на стварэнне мемарыяльнага комплексу ахвярам палітычных рэпрэсій польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў перыяд 1921-1939 гадоў. Напярэдадні Дня Перамогі Маладзёжны парламент выступіў адным з ініцыятараў праекта "Алеі Перамогі". З прадстаўнікамі грамадскасці і палітычных сіл у ходзе старту праекта ў Мінску адбылася закладка аднайменнай алеі. Далучыцца да акцыі мог любы беларус, высадзіўшы дрэва ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені Маладзёжным парламентам праведзена замена ў Мінску ўстарэлай мемарыяльнай дошкі ў памяць аб С.В. Прытыцкім, выдатным савецкім і беларускім палітычным дзеячы, арганізатары камсамольскага падполля Заходняй Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны.

Прадаўжаецца работа ў інфармацыйнай прасторы. Запушчаны сайт Маладзёжнага парламента mpns.by. Праводзіцца актыўнае абнаўленне інфармацыі аб дзейнасці парламента ў сацыяльных сетках. Цяпер прапрацоўваецца магчымасць запуску на тэлеканале СТБ аўтарскай інфармацыйна-аналітычнай праграмы пад рабочай назвай "Сенат", дзе будзе падрабязна асвятляцца дзейнасць Савета Рэспублікі, яго членаў, а таксама Маладзёжнага парламента.

У мэтах арганізацыі ўдзелу членаў Маладзёжнага парламента ў заканадаўчым працэсе за кожнай профільнай камісіяй замацаваны пералік законапраектаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі. На сайце Маладзёжнага парламента mpns.by працуе электронная форма па зборы прапаноў ад моладзі па змяненні Асноўнага закона Беларусі. Члены Маладзёжнага парламента ў рамках праекта "Беларусь будучыні" прадаўжаюць сустрэчы з прадстаўнікамі навучэнскіх і студэнцкіх калектываў. Цяпер у фармаце такіх сустрэч зроблены ўпор на збор прапаноў па змяненні Канстытуцыі.

За год у анлайн-рэжыме праведзена сустрэча з прадстаўнікамі Маладзёжнага парламента пры Сенаце Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан. Вопыт Беларусі ў сферы маладзёжнага парламентарызму быў прадстаўлены на міжнародным форуме "Глабальнае міжпарламенцкае супрацоўніцтва ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця", які прайшоў па ініцыятыве парламента Узбекістана. У ходзе восьмага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі праведзена сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі. У рабочым парадку падпісана пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве. У вочным фармаце ў чэрвені адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі органаў маладзёжнага парламентарызму Калінінградскай і Тамбоўскай абласцей Расіі.

У ліпені праведзена сустрэча з дэпутатамі Адэскага абласнога і гарадскога саветаў, якія прыбылі ў Беларусь, што прадстаўляюць палітычную партыю "Апазіцыйная платформа - За жыццё", яна ў 2020 годзе ў Вярхоўнай радзе Украіны публічна асудзіла спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Маладзёжным парламентам цяпер прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі Беларуска-кітайскага маладзёжнага форуму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі