Наталля Качанава
28 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Саюзная інтэграцыя ўступіла на новы этап развіцця, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час пленарнага пасяджэння на тэму "Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"За апошнія гады Беларусь і Расія рэалізавалі шэраг стратэгічна важных рашэнняў, дзякуючы чаму дабіліся прарыўных поспехаў, а саюзная інтэграцыя ўступіла на новы этап развіцця. Аднак сама сутнасць цяперашняй эпохі заключаецца ў тым, каб не спыняцца на дасягнутым. Аб гатоўнасці нашых краін узаемадзейнічаць яшчэ больш інтэнсіўна сведчаць Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы да 2026 года, дзе зроблены акцэнт на сумесным развіцці галін рэальнага сектара эканомікі. Гэта значыць, што бліжэйшыя гады стануць прарыўнымі па шэрагу напрамкаў, такіх як станкабудаванне, машынабудаванне, самалётабудаванне", - сказала Наталля Качанава.
Разам з тым яшчэ патрабуе глыбокага асэнсавання і сумеснай практычнай прапрацоўкі шэраг канцэптуальных пытанняў, ад вырашэння якіх непасрэдна залежыць паспяховасць інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы. "Стварэнне інавацыйнай прадукцыі - складаны бесперапынны працэс, які патрабуе глыбокай уключанасці ўсіх зацікаўленых - дзяржаўных органаў і арганізацый, бізнесу, навуковых і экспертных устаноў, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі. Садзейнічаць гэтаму павінна перш за ўсё фарміруемая адзіная навукова-тэхналагічная прастора Беларусі і Расіі, якая прадугледжвае забеспячэнне ўзаемнага доступу да даследчай інфраструктуры, фарміраванне эфектыўнай сістэмы камунікацыі паміж навуковымі калектывамі, гарманізацыю нарматыўнай прававой базы. Стратэгію навукова-тэхналагічнага равіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года трэба напоўніць канкрэтнымі мерапрыемствамі, забяспечанымі неабходнымі прававымі, арганізацыйнымі, фінансавымі інструментамі", - адзначыла спікер.
"Мы павінны больш ведаць інавацыйны патэнцыял і фактычныя магчымасці адзін аднаго, аб'ядноўваць нашы перавагі і разам ствараць эксклюзіўныя, запатрабаваныя рынкам тавары і паслугі, перадавыя рэсурсазберагальныя і экалагічныя прамысловыя тэхналогіі, якія павышаюць канкурэнтаздольнасць саюзнай эканомікі. Добрым прыкладам дэманстрацыі інавацыйных дасягненняў служаць выстаўкі і прэзентацыі, арганізаваныя ў дні правядзення форуму. Упэўнена, што Міжнародны выставачны цэнтр, які ўзводзіцца ў рамках канцэпцыі "Разумны горад" у новым раёне беларускай сталіцы, зможа дастойна прадставіць сумесныя распрацоўкі вучоных і прамыслоўцаў Беларусі і Расіі. Для павышэння эфектыўнасці ўключэння ў эканамічны абарот высокатэхналагічных распрацовак і рашэнняў, недапушчэння празмернага дубліравання вытворчых магутнасцей у нашых краінах і больш узважанага планавання пры будаўніцтве новых прадпрыемстваў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных аб'яднанняў з нашым удзелам мэтазгодна правесці інвентарызацыю распрацоўваемых, выпушчаных і прымяняемых у Беларусі і Расіі інавацый. Шматфункцыянальная лічбавая платформа будзе аптымальным практычным рашэннем гэтай задачы", - дапоўніла Наталля Качанава.-0-
Фота Віталя Піваварчыка