Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 сакавіка 2023, 15:38

Качанава правяла прамую тэлефонную лінію ў новым фармаце

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сёння прамую тэлефонную лінію ў фармаце "званок ад спікера", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта новы фармат работы з насельніцтвам, які паказаў эфектыўнасць на практыцы. 23 лютага Наталля Качанава праводзіла асабісты прыём грамадзян. Ён праходзіў па папярэднім запісе, але жадаючых звярнуцца за дапамогай да спікера было, як заўсёды, шмат. Прыём доўжыўся 12 гадзін, пытанні астатніх заяўнікаў таксама былі ўзяты на кантроль. У прыватнасці, сёння ў многіх з іх была магчымасць паразмаўляць з Наталляй Качанавай па тэлефоне.

Старшыня Савета Рэспублікі адразу запэўнівала заяўнікаў: нягледзячы на тое што размова ідзе па тэлефоне, гэта ніяк не паўплывае на якасць разгляду пытання.

У прыватнасці, сёння спікер сазванілася з Ліліяй Захараўнай з Мінска. Жанчына - апякун дваіх дзяцей пасля смерці сястры. Старшыня Савета Рэспублікі пасля сустрэчы на адным з мінскіх заводаў дапамагла з жыллёвым пытаннем хлопчыку. Пасля таго, як ён вызваліў пакой у блоку інтэрната завода, яго сястру-інваліда высяляюць. Мінчанка папрасіла дапамагчы застацца ў блоку.

"Я разбяруся асабіста, і мы з вамі звяжамся. Паспрабую вам дапамагчы", - адзначыла спікер і тут жа звязалася з дырэктарам прадпрыемства. Пытанне вырашылася літаральна на працягу хвіліны. Блок у інтэрнаце застаецца за гэтай сям'ёй.

Мінчанка Лілія Яўгенаўна звярнулася па пытанні зносу дома на вул. Папаніна, 16 і паляпшэння жыллёвых умоў. Тады на прыём запісваўся яе сусед, але сёння жанчына вырашыла сама пагаварыць са спікерам, каб дэталёва раскрыць сутнасць пытання.

У Любові Рыгораўны з Бабруйска ўзніклі цяжкасці з лячэннем сына. Яна просіць правесці паўторнае медабследаванне і вызначыцца з дыягназам, паколькі медыкаментознае лячэнне не падыходзіць. Наталля Качанава папрасіла кіраўніцтва РНПЦ "Навінкі" ўзяць пытанне на кантроль і шпіталізаваць хлопца.

Ірына Фёдараўна з Мінска папрасіла аказаць садзейнічанне сацыяльнаму праекту інтэграцыі і сацыяльнай адаптацыі маладых людзей з аўтызмам і іншай цяжкай інваліднасцю.

Спікер нагадала: пры Савеце Рэспубліцы эфектыўна працуе экспертны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. "Мы ўжо тры пасяджэнні правялі, - адзначыла Наталля Качанава. - Запрашаю вас прыняць удзел у наступным пасяджэнні. За 4 месяцы мы столькі зрабілі цікавага. Дзяржава робіць шмат у гэтым напрамку, але калі чалавек асабіста сутыкаецца з сітуацыяй, то на месцах часам рашэнне зацягваецца. Мы знайшлі форму, калі, вырашаючы гэтыя пытанні на асабістых прыкладах, мы дапамагаем астатнім, хто сутыкаецца з такімі сітуацыямі".

Як растлумачыла начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Кацярына Рэчыц, асаблівасць гэтай прамой тэлефоннай лініі ў тым, што званок заяўніку паступае непасрэдна ад спікера ва ўзгоднены з грамадзянінам час.

Як заўсёды, пытанняў да спікера паступіла вельмі шмат. Яны датычыліся абсалютна ўсіх сфер жыцця людзей - ад жыллёвых пытанняў, працаўладкавання, пенсійнага забеспячэння да пытанняў удасканалення заканадаўства і яго інтэрпрэтацыі.

"Усе пытанні разглядаюцца гэтак жа ўважліва, адказна і будуць даведзены да лагічнага завяршэння, як калі б гэтыя людзі звярнуліся ў ходзе асабістага прыёму, - удакладніла Кацярына Рэчыц. - Гэта значыць, усе гэтыя пытанні будуць знаходзіцца на асабістым кантролі ў Савеце Рэспубліцы. Такі фармат практыкуецца не першы раз, і ён сябе вельмі добра зарэкамендаваў. Паводле водгукаў людзей, ім вельмі падабаецца такая форма ўзаемадзеяння. Для іх гэта вельмі зручна, таму што яны загадзя ведаюць час, у які яны змогуць сваё пытанне абмеркаваць. І, вядома ж, вынік іх задавольвае, таму што пытанне разглядаецца ў такім жа агульным парадку, як і любы іншы зварот, што паступае ў Савет Рэспублікі. Гэта значыць, усе звароты грамадзян будуць разгледжаны ў тым фармаце, які найбольш прымальны і зручны для бакоў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі