Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2021, 17:05

Качанава пра бежанцаў на граніцы: толькі Беларусь робіць усё магчымае для гэтых людзей

9 снежня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Толькі Беларусь робіць усё магчымае для дапамогі бежанцам, тыя ж краіны, якія ўстроілі гэта, лічаць за лепшае маўчаць. Такое меркаванне сёння журналістам выказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час наведвання пункта часовага размяшчэння бежанцаў у транспартна-лагістычным цэнтры "Брузгі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час наведвання ТЛЦ Наталля Качанава азнаёмілася з умовамі знаходжання там людзей, арганізацыяй харчавання, медыцынскім суправаджэннем. Таксама яна паразмаўляла з бежанцамі, перадала дзецям салодкія падарункі і цацкі ад Савета Рэспублікі.

"Я не магу спакойна глядзець у вочы дзяцей, вельмі шкада іх, паколькі яны па волі лёсу апынуліся ў такіх умовах. Ніяк не магу зразумець кіраўнікоў тых краін, якія дапусцілі такое. Што ім сёння каштуе зрабіць гуманітарны калідор і прапусціць гэтых людзей? Толькі наша краіна робіць усё для гэтых людзей. Забяспечвае харчаваннем, стварае ім неабходныя ўмовы, дапамагае тым, хто гэтага захоча, вярнуцца дадому", - адзначыла Наталля Качанава. Яна нагадала, што Прэзідэнт даручыў менавіта Савету Рэспублікі кантраляваць харчаванне і забеспячэнне людзей, якія апынуліся ў гэтым цэнтры. Тут увесь час працуюць прадстаўнікі Савета Рэспублікі. Праблем з забеспячэннем людзей няма.

У час размовы з Наталляй Качанавай бежанцы неаднаразова дзякавалі Беларусі за дапамогу і падтрымку, дах над галавой. Асабліва гэта актуальна, сказаў адзін з бежанцаў, цяпер, калі пачалася зіма, на вуліцы сур'ёзна пахаладала.

"Але гэта павінны бачыць кіраўнікі тых краін, што запрасілі бежанцаў. Няхай паглядзяць у вочы гэтых жанчын і дзяцей. Ці гэта нармальна такое ў XXI стагоддзі. Пусціце іх туды, куды яны хочуць. Многія сёння чарговы раз сказалі, што не жадаюць вяртацца дадому, а хочуць паехаць туды, куды іх запрашалі, да сваіх родных і блізкіх, якія ўжо жывуць там", - адзначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што беларускі бок прадоўжыць рабіць усё, каб дапамагчы гэтым людзям.

Сенатары неаднаразова звярталіся да сусветнай супольнасці, да еўрадэпутатаў. "Але яны нас не чуюць. Хоць бы адзін прыехаў і паглядзеў у вочы гэтых людзей, у якіх пакуты і боль ад таго, што адбываецца", - сказала старшыня Савета Рэспублікі. Паводле яе слоў, людзі чакаюць і спадзяюцца, што іх забяруць з граніцы, таму не хочуць пакуль пераязджаць у іншыя месцы.

Гатовы пайсці насустрач і тым бежанцам, хто пажадаў бы застацца ў Беларусі. "Калі людзі хочуць жыць і працаваць, то, думаю, пытанне вырашальнае", - адзначыла Наталля Качанава. Яна звярнула ўвагу, што ў Беларусі заўсёды па-добраму адносіліся да людзей. Некалі Беларусь прыняла больш за 160 тыс. украінцаў, давалі ім і грамадзянства Беларусі.

Таксама сёння Наталля Качанава наведала заставу "Падліпкі" Гродзенскай пагранічнай групы. Яна азнаёмілася з бытам і службай ваеннаслужачых. Застава забяспечвае ахову 13 км беларуска-польскай граніцы. Старшыня Савета Рэспублікі паразмаўляла з асабовым складам заставы, падзякавала пагранічнікам за іх адказную службу. "Вы на перадавой. Ад вас залежыць мір і спакой у краіне", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Ад Савета Рэспублікі асабоваму складу заставы ўручаны навагоднія падарункі. Акрамя таго, Гродзенскай пагранічнай групе ўручана падзяка Савета Рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі