ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 10 жніўня 2022
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 снежня 2021, 12:25

Качанава перадала РНПЦ дзіцячай анкалогіі светлавы мікраскоп для гематалагічных даследаванняў

Наталля Качанава ў час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі
Наталля Качанава ў час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала сёння Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі і перадала сертыфікат на набыццё светлавога мікраскопа для гематалагічных даследаванняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па ініцыятыве Савета Рэспублікі быў створаны папячыцельскі савет, які сёння актыўна працуе. Мы ўдзячныя членам Савета Рэспублікі, якія актыўна ўключыліся ў гэту работу. І светлавы мікраскоп мы набылі для таго, каб у вашым цэнтры можна было ўдасканаліць аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі дзецям", - сказала Наталя Качанава.

Спікер выказала ўпэўненасць, што ініцыятыва супрацоўнікаў цэнтра па будаўніцтве і аснашчэнні пяціпавярховага хірургічнага цэнтра ўвасобіцца ў жыццё. "Вы сапраўды робіце вельмі значную справу для нашых дзяцей, а таксама аказваеце медыцынскую дапамогу тым, хто прыязджае з іншых краін", - адзначыла яна.

Наталля Качанава таксама выказала ўдзячнасць медыкам за іх няпростую работу. "Перш за ўсё хочацца пажадаць вам здароўя, удачы, поспехаў, дабрабыту, каб у вас у жыцці ўсё складвалася выдатна. Ведаю, што для вас гэта не проста работа - гэта жыццё, таму што інакш тут нельга. Няхай у вас усё складваецца і, самае галоўнае, каб дзеткі, якія лечацца ў вас у цэнтры, былі здаровыя", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава наведала маленькіх пацыентаў цэнтра ў палатах. Дзеці не засталіся без падарункаў: ласункаў і мяккіх цацак.

Як дадаў намеснік дырэктара па навуцы РНПЦ Міхаіл Белеўцаў, светлавы мікраскоп неабходны для першага і самага важнага этапу дыягностыкі захворванняў. "Гэты мікраскоп прызначаны для аналізу клетак касцявога мозга. Гэта адзін з серыі тых мікраскопаў, на падставе вынікаў якіх ставіцца першы марфалагічны дыягназ вострага лейкозу. Дзіцяці робяць пункцыю касцявога мозга або ацэньваюць мазок перыферычнай крыві, і калі знаходзяць там пухлінныя клеткі, - яны ацэньваюцца пад гэтым мікраскопам", - адзначыў ён.

РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі аказвае спецыялізаваную медыцынскую дапамогу пацыентам з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце да 18 гадоў з анкалагічнымі, гематалагічнымі захворваннямі, першаснымі імунадэфіцытамі, а таксама дарослым да 30 гадоў з некаторымі злаякаснымі новаўтварэннямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі