Сцяг Субота, 22 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лютага 2025, 14:59

Качанава наведала Мёрскі мясакамбінат і сустрэлася з яго калектывам

7 лютага, Мёры /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час рабочай паездкі па Віцебскай вобласці наведала Мёрскі мясакамбінат і сустрэлася з калектывам прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мёрскі мясакамбінат у гэтым годзе адзначае 60-годдзе з дня заснавання. Прадпрыемства вырабляе больш за 200 найменняў каўбасных вырабаў і вэнджаніны - каўбасы, сасіскі, сардэлькі, вяндліну, рулеты, вэнджана-вараныя, сыравэнджаныя і сыравяленыя салямі, вырабы са свініны і ялавічыны, вырабы з сала, каўбасныя вырабы з субпрадуктаў. У цэхах працуе тэхналагічна складанае і высокапрадукцыйнае абсталяванне. Напрыклад, уведзены нядаўна ў эксплуатацыю халадзільнік для замарозкі і захоўвання мясапрадуктаў. Таксама паспяхова працуе новы ўчастак для абвалкі і жылоўкі ялавічыны, свініны.

У мясакамбіната ёсць свая сыравінная база, жывёлу на забой закупляюць у Віцебскай вобласці. Прадпрыемства інвесціруе свае сродкі ў мадэрнізацыю. У цэхах Наталлі Качанавай расказалі, што рэалізуюць прадукцыю як па Беларусі, так і на экспарт. Дзякуючы тэхналогіі замарозкі ялавічыны могуць пастаўляць мяса нават у краіны Афрыкі.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што сустрэча з калектывам стала ў тым ліку адказам на звароты работнікаў прадпрыемства ў верхнюю палату парламента. Яна запэўніла, што завод не будуць рэарганізоўваць, паколькі мясакамбінат працуе з рэнтабельнасцю, мае добрыя перспектывы.

Наталля Качанава праанансавала, і гэта пацвердзілі прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, што па шматлікіх просьбах абласное свята аграрыяў "Дажынкі-2026" пройдзе ў Мёрах. "Да гэтай падзеі трэба пачынаць рыхтавацца ўжо цяпер", - адзначыла спікер.

Яна падзякавала калектыву за актыўны ўдзел у электаральнай кампаніі і падкрэсліла, што курс на развіццё краіны і мірнае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі будзе прадаўжацца.

Акрамя таго, спікер адзначыла, што ў адным са зваротаў у Савет Рэспублікі жыхары Мёрскага раёна паведамлялі, што ў мясцовай бальніцы патрэбны ўрачы. Пытанне гэта шырокае, і яго трэба вырашаць у комплексе. "Гэта задача Міністэрства аховы здароўя, урада, яны будуць працаваць, каб гэта пытанне вырашыць. І для гэтага яшчэ патрэбна жыллё", - сказала Наталля Качанава.

Яна нагадала, што мясцовым органам улады паводле новага ўказа Прэзідэнта дадзена права размяркоўваць арэнднае жыллё для найбольш запатрабаваных спецыялістаў. "Мы павінны зрабіць усё, каб людзі ў рэгіёнах жылі, працавалі, маглі атрымаць добрыя медыцынскія паслугі. Цяпер усё будзе нацэлена на тое, каб нашы людзі жылі камфортна", - адзначыла спікер.

Работнікі завода падзякавалі старшыні Савета Рэспублікі за сустрэчу і паабяцалі працаваць яшчэ больш плённа.-0-

Фота Аляксандра Хітрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі