Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 ліпеня 2020, 19:50

Качанава: мы павінны забяспечыць камфортнае пражыванне людзей у кожным кутку краіны

14 ліпеня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Мы павінны забяспечыць камфортнае пражыванне людзей у кожным кутку краіны. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава ў час пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое прайшло ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час выязнога пасяджэння ўдзельнікі наведалі аграгарадок Гарадзішча, дзе на яго прыкладзе азнаёміліся са стварэннем камфортных умоў для жыцця людзей. "Раўнамернае развіццё рэгіёнаў і камфортнае пражыванне людзей у кожным населеным пункце краіны - адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, - адзначыла Наталля Качанава. - Каб чалавеку было зручна жыць, трэба ствараць для гэтага развітую інфраструктуру. Дзіцячыя сады і школы, пошта, банкі, гандлёвыя аб'екты - усё гэта павінна быць. На прыкладзе аграгарадка Гарадзішча мы ўбачылі гэту работу. Для фарміравання камфортнага жыцця людзей у нас ёсць усе сродкі, і мы павінны далей дзейнічаць у гэтым напрамку".

Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з дзейнасцю Дома культуры, сацыяльных і гандлёвых аб'ектаў аграгарадка. За некалькі гадоў населены пункт сур'ёзна змяніўся. У сціслыя тэрміны тут правялі рэканструкцыю Дома культуры і плошчы перад ім. Цяпер тут размешчаны сельсавет, пошта, аддзяленне банка, бібліятэка, дзіцячая музычная школа, ёсць дысказала і розныя гурткі. "Дом культуры знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка. Сюды зручна дабірацца з любой кропкі населенага пункта. Змяніла знешні выгляд і плошча каля Дома культуры. Тут мы праводзім усе святы, сюды прыходзяць гуляць сем'і з дзецьмі", - расказала старшыня сельсавета Алена Шабунева.

Паводле слоў Наталлі Качанавай, яшчэ адзін важны момант замацавання маладых людзей у вёсцы - наяўнасць жылля. "Месца працы, дастойная заработная плата і магчымасць атрымаць жыллё - гэта тое, што дазваляе людзям замацавацца ў населеным пункце. У Гарадзішчы мы ўбачылі, што мясцовая ўлада ўдзяляе вялікую ўвагу гэтым пытанням. Тут няма праблем з арэндным жыллём - у час рэканструкцыі дзіцячага сада частку яго памяшканняў перарабілі пад сучасныя і добраўпарадкаваныя кватэры з электраацяпленнем", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Балбатовіч - сацыяльны педагог Гарадзішчанскай сярэдняй школы. Як малады спецыяліст, яна атрымала кватэру ў былым будынку дзіцячага сада. Дзяўчына прызналася, што пасля адпрацоўкі хацела паехаць з роднага аграгарадка, але наяўнасць уласнага жылля змяніла яе намер. "Спачатку я хацела паехаць з Гарадзішча ў большы горад, але пасля атрымання кватэры сур'ёзна задумалася, а ці варта. У мяне ёсць работа, жыллё - цяпер можна і сям'ёй абзавесціся. Тым больш сучасны дзіцячы сад адразу ў двары дома".

Дзіцячы сад у Гарадзішчы рэканструявалі ў 2019 годзе. За некалькі месяцаў старую пабудову 1981 года поўнасцю перарабілі. Цяпер гэта сучасны дзіцячы сад на дзве групы, кожная разлічана на 12 чалавек. Ёсць музычная і спартыўная залы, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. У гэтым годзе ў дзіцячым садзе пачне працаваць ясельная група, у якую пададзена ўжо больш за 10 заяў.

"Тое, што нашы дзеці цяпер знаходзяцца ў такіх камфортных умовах, - наглядны прыклад сумеснай работы ўлад і жыхароў аграгарадка. Перад адкрыццём у нас ішлі суботнікі - мылі, прыбіралі, упрыгожвалі. Галоўнымі памочнікамі сталі бацькі, яны дапамагалі і працавалі разам з намі, - расказала загадчыца сада Надзея Захарава. - Цяпер у нашых руках усё гэта захаваць і прымножыць. У бягучым годзе пачне працаваць ясельная група. Гэта сведчыць аб тым, што колькасць насельніцтва расце, у Гарадзішчы створаны ўсе ўмовы для жыцця".

Разам з дзяржаўнымі гандлёвымі аб'ектамі ў Гарадзішчы нядаўна адкрыўся прыватны магазін. Як адзначыла старшыня сельсавета, гэта таксама важны крок у развіцці аграгарадка. "У нашых магазінах прадстаўлены шырокі асартымент тавараў: пачынаючы ад прадуктаў і заканчваючы гаспадарчымі таварамі. Нядаўна адкрыўся яшчэ адзін магазін папулярнай у Беларусі гандлёвай сеткі. У людзей ёсць магчымасць выбраць - параўнаць цэны, вывучыць асартымент і знайсці што трэба".

"У стварэнні камфортных умоў жыцця грамадзян павінны быць зацікаўлены ўсе структуры: мясцовыя органы ўлады, кіраўніцтва вобласці і прадпрыемстваў, якія працуюць на гэтай тэрыторыі. У маладых і перспектыўных спецыялістах зацікаўлены ўсе. Каб маладыя людзі заставаліся працаваць у невялікіх гарадах, мы павінны забяспечыць ім дастойнае жыццё, - адзначыла Наталля Качанава. - Жыхары населеных пунктаў павінны разумець, што ўсё гэта робіцца ў першую чаргу для іх саміх. На прыкладзе Гарадзішча мы ўбачылі, што насельніцтва таксама дапамагае мясцовым уладам: прыводзіць у парадак тэрыторыю, дапамагае ў прыбіранні перад адкрыццём дзіцячага сада. У людзей ёсць усё неабходнае для якаснага і дастойнага жыцця, і яны ганарацца сваім населеным пунктам".

Цяпер у Гарадзішчы пражывае 619 чалавек. У бліжэйшы час тут з'явіцца яшчэ сем новых арэндных кватэр з цэнтральным ацяпленнем - пад жылыя памяшканні перарабляюць былы будынак сельсавета.

"Калі ў населеным пункце не будзе дзіцячага сада, школы, установы аховы здароўя, развітой сацыяльнай сферы і інфраструктуры - чалавек не стане там жыць. Мы павінны стварыць такія ўмовы, пры якіх у малых населеных пунктах людзі змогуць працаваць, зарабляць і жыць не горш, чым у гарадах, - адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы. - Мы павінны забяспечыць усё гэта ў новую пяцігодку. У самыя аператыўныя тэрміны нам неабходна прапрацаваць усе праблемныя пытанні".

Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся таксама з інфраструктурай аграгарадка Александрыя, наведалі музей-школу, дзе вучыўся Прэзідэнт Беларусі. Прадоўжылася выязное пасяджэнне ў Шклоўскім райвыканкаме.

"У першай частцы пасяджэння мы на прыкладзе аграгарадка Гарадзішча паглядзелі, як арганізавана інфраструктура, якія створаны ўмовы для пражывання і работы людзей. Азнаёміліся з аб'ектамі сацыяльнай сферы, гандлю, бытавога абслугоўвання. Мы ўбачылі дастойны прыклад. І такія ўмовы павінны мець людзі ва ўсіх падобных населеных пунктах. Гэта тая задача, якую неаднаразова ставіў кіраўнік дзяржавы перад кіраўнікамі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады. Пытанне, вынесенае сёння на разгляд пасяджэння, вельмі актуальнае, таму што заканчваецца гэта пяцігодка, фарміруюцца планы на новую. Дэпутаты ўсіх узроўняў павінны актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі і распрацоўцы гэтых планаў. Для стварэння камфортных умоў жыцця нашых грамадзян нават у самым аддаленым кутку краіны ў нас ёсць усе магчымасці і паўнамоцтвы, - адзначыла Наталля Качанава. - Мы павінны прымаць актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў цэлым і кожнага асобна ўзятага раёна ці горада. Таму што менавіта дэпутаты, з'яўляючыся выбраннікамі народа, павінны як ніхто ведаць тыя пытанні, якія хвалююць людзей. Але мала валодаць сітуацый - трэба прымаць меры па вырашэнні гэтых праблем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі