Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 студзеня 2022, 18:43

Качанава: маладыя парламентарыі павінны больш актыўна працаваць са сваімі равеснікамі ў рэгіёнах

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладыя парламентарыі павінны больш актыўна працаваць са сваімі равеснікамі ў рэгіёнах, заявіла журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас пасяджэння Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Задачы ў нас ва ўсіх адны - працаваць на карысць нашай краіны, нашага народа. З нашымі маладымі парламентарыямі, нашымі калегамі мы працуем вельмі цесна. Мы запрашаем іх на пасяджэнні сесіі, на прыёмы па асабістых пытаннях, выязныя прэзідыумы, круглыя сталы па пытаннях, якія хвалююць грамадзян. Але самае галоўнае, што мне бачыцца ў рабоце нашых маладых калег, - яны павінны больш актыўна працаваць са сваімі равеснікамі ў рэгіёнах. Іх па 10 чалавек ад кожнай вобласці. Гэта значыць, яны павінны быць прыкладам, пунктам прыцягнення маладых людзей, вырашаючы разам важныя для краіны пытанні. Гэта валанцёрскі рух, работа з дзецьмі, якія трапляюць у цяжкую жыццёвую сітуацыю, маладымі сем'ямі", - сказала Наталля Качанава.

Спікер падкрэсліла: падчас работы над унясеннем змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон краіны стала відавочна, што людзей вельмі хвалюе статус сям'і, адносіны ў сям'і. "Людзей вельмі хвалюе тое, што нам навязваюць заходнія краіны абсалютна нетрадыцыйныя для нас каштоўнасці. Гэта аднаполыя шлюбы і ўсё астатняе. У людзей гэта выклікае вельмі моцную занепакоенасць. Людзі пра гэта гавораць. І тут маладыя парламентарыі павінны працаваць з большай энергіяй, таму што гэта важна. І вось тое, аб чым сёння гаварыла моладзь, - "роўны навучае роўнага" - гэта добры тэзіс. Там, дзе не дастукаецца дарослы да маладога чалавека, можа, нават да падлетка, да яго можа дастукацца малады чалавек, які яму падкажа, як правільна, дапаможа проста выбраць патрэбны напрамак у жыцці. Вядома, работа па ўсіх праблемных пытаннях, якія ёсць сёння ў грамадстве, - п'янства, алкагалізм, брыдкаслоўе, наркаманія - гэта тое, што сёння вельмі хвалюе моладзь, а ў большай ступені тыя сем'і, якія сутыкнуліся з такой праблемай", - адзначыла яна.

Наталля Качанава канстатавала, што маладыя парламентарыі з'яўляюцца ўдзельнікамі практычна ўсіх важных мерапрыемстваў у нашай краіне. "Яны ўдзельнікі Усебеларускага народнага сходу, нарад, рэспубліканскага педагагічнага савета, пасяджэнняў сесій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Гэта значыць, яны паглыблены ў тое, што рэальна адбываецца ў нашай краіне, ведаюць не па чутках. І гэту праўду яны павінны даносіць да сваіх равеснікаў. Вось у чым іх задача. Яны павінны паказаць, што яны паўнапраўныя грамадзяне сваёй краіны. Таму мы і прапанавалі не 10 чалавек ад вобласці, а ад кожнага раённага цэнтра, кожнага горада каб быў прадстаўнік у Маладзёжным парламенце", - расказала старшыня Савета Рэспублікі.

Спікер дадала, важна, каб маладзёжныя арганізацыі ўзаемадзейнічалі адзін з адным. "БРСМ, Маладзёжны Савет, маладзёжныя рухі, якія створаны ў нашай краіне, павінны працаваць ва ўзаемадзеянні. Не канкурыраваць паміж сабой, а ўзаемадзейнічаць. Гэта будзе зусім іншая гісторыя, калі яны будуць усе разам", - падагульніла Наталля Качанава.

Маладзёжны савет (парламент) пры Нацыянальным сходзе Беларусі створаны ў ліпені 2020 года. Яго члены актыўна ўключаны ў дзейнасць Савета Рэспублікі. Так, за 2021 год адбылося 6 сустрэч старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з маладымі парламентарыямі ў розных фарматах. Па ініцыятыве Маладзёжнага парламента праведзена сустрэча спікера верхняй палаты са студэнтамі медыцынскіх устаноў адукацыі краіны, удзельнікамі першага Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму.

Праведзена ратацыя членаў Маладзёжнага парламента. Актывізавана рэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва з органамі маладзёжнага парламентарызму. Запушчаны 3 рэспубліканскія праекты. У прыватнасці, маладымі парламентарыямі ініцыяваны праект "Гістарычная памяць", у рамках якога ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці ў красавіку 2021 года на месцы размяшчэння канцэнтрацыйнага лагера праведзены мітынг-рэквіем, а таксама аб'яўлены збор сродкаў на стварэнне мемарыяльнага комплексу ў памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсій польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў перыяд 1921-1939 гадоў. Гэты помнік быў абноўлены напярэдадні 17 верасня 2021 года. Маладзёжны парламент выступіў адным з ініцыятараў праекта "Алеі Перамогі". З прадстаўнікамі грамадскасці і палітычных сіл на старце праекта ў Мінску адбылася закладка аднайменнай алеі. Далучыцца да акцыі мог любы беларус, высадзіўшы дрэва ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. 13 чэрвеня праведзена замена ў Мінску ўстарэлай мемарыяльнай дошкі ў памяць пра выдатнага савецкага і беларускага палітычнага дзеяча, арганізатара камсамольскага падполля Заходняй Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Прытыцкага.

Маладзёжным парламентам прадаўжаецца работа ў інфармацыйнай прасторы. Запушчаны сайт у сетцы Інтэрнэт. У мэтах арганізацыі ўдзелу ў заканадаўчым працэсе за кожнай профільнай камісіяй быў замацаваны пералік законапраектаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі. На сайце Маладзёжнага парламента mpns.by на працягу года працуе электронная форма па зборы прапаноў ад моладзі па змяненні Асноўнага закона Беларусі. Гэтыя прапановы агучваліся на пасяджэннях Канстытуцыйнай камісіі старшынёй Маладзёжнага парламента Ягорам Макарэвічам. У рамках усенароднага абмеркавання змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі маладымі парламентарыямі арганізаваны па ўсёй краіне дыскусійныя платформы "Беларусь будучыні", якія зарэкамендавалі сябе ў рамках падрыхтоўкі да VI Усебеларускага народнага сходу.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі