Сцяг Нядзеля, 18 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 красавіка 2025, 13:40

Качанава: кожны метр зямлі павінен выкарыстоўвацца эфектыўна, гэта наша багацце

22 красавіка, Жлобін /Кар. БЕЛТА/. Кожны метр зямлі павінен выкарыстоўвацца эфектыўна, паколькі гэта наша багацце. На гэта звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое праходзіць у Жлобінскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адной з тэм пасяджэння стала сумесная работа дзяржаўных органаў па ўключэнні ў гаспадарчы абарот зямельных участкаў, навядзенні парадку на зямлі, меліярацыі і эфектыўным выкарыстанні зямель.

Наталля Качанава зрабіла акцэнт: задачы па гэтым напрамку стаяць сёння перад усімі. "Пачынаючы ад рэспубліканскіх органаў улады, заканчваючы грамадзянамі краіны. Каб зрабіць нашу краіну яшчэ больш чыстай, добраўпарадкаванай, прыгожай. Так, як гаворыць аб гэтым Прэзідэнт", - падкрэсліла спікер.

Яна звярнула ўвагу: важна аператыўна і якасна ўключаць у гаспадарчы абарот зямельныя ўчасткі, занятыя пустуючымі жылымі дамамі, фарміраваць пералікі свабодных зямельных участкаў у тым ліку і для далейшых аўкцыёнаў. Яшчэ адзін напрамак у цэнтры пастаяннай увагі - уключэнне ў гаспадарчы абарот зямель, што вызвалены пасля зносу непрыдатных і неэксплуатуемых будынкаў і збудаванняў сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама эфектыўнае выкарыстанне меліяраваных зямель.

"(У гэтых напрамках. - Заўвага БЕЛТА) павінна быць эфектыўная работа. І вельмі важны вынік. Таму мы павінны зрабіць усё, што залежыць ад нас, каб у Год добраўпарадкавання ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі выкананы. Каб работа, якая датычыцца пустых дамоў, зямель, што не выкарыстоўваюцца, меліярацыі, навядзення парадку, была праведзена на высокім узроўні, якасным", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

"Задачы, якія датычацца добраўпарадкавання, навядзення парадку, Прэзідэнт ставіць ужо на працягу амаль 20 гадоў. І вынікі мы бачым. Чысціня і парадак - гэта брэнд нашай краіны. Але мы павінны разумець, што кожны метр зямлі павінен выкарыстоўвацца эфектыўна. Гэта наша багацце", - рэзюмавала Наталля Качанава.

У ліку запрошаных на пасяджэнне Савета - члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі і харчавання, архітэктуры і будаўніцтва, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і мясцовых органаў улады.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі