Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 кастрычніка 2021, 09:00

Качанава: грамадскае абмеркаванне прапануемых змяненняў у Канстытуцыю будзе шырокамаштабным

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадскае абмеркаванне прапануемых змяненняў у Канстытуцыю будзе шырокамаштабным, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 17 кастрычніка ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.

"Тое, што гэта будзе абмяркоўвацца, няма ніякага сумнення. Перш чым вынесці на рэферэндум абноўленую Канстытуцыю, яна будзе абмяркоўвацца народам, шырокамаштабна будзе разгорнута гэта работа. Мы для сябе разумеем, што павінны быць праваднікамі. Тыя члены Канстытуцыйнай камісіі, якія з'яўляюцца членамі Савета Рэспублікі, будуць вельмі актыўна працаваць, каб данесці навелы", - сказала Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што па выніках работы Канстытуцыйнай камісіі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку быў прадстаўлены праект варыянта абноўленай Канстытуцыі. Адпаведныя прапановы абмеркаваны 28 верасня на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы. "Але гэта ж не канчатковы варыянт, работа над Асноўным законам яшчэ ідзе. Больш таго, мы, выязджаючы ў рэгіёны, сустракаючыся з людзьмі, чуем тыя прапановы, якія агучваюць людзі", - дадала яна.

У сувязі з гэтым Наталля Качанава нагадала аб нядаўняй сустрэчы са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ішла размова аб тых прапановах, якія паступілі ад членаў Канстытуцыйнай камісіі, а таксама былі сфармуляваны па выніках дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, свяшчэннаслужыцелямі.

Гаворачы ў цэлым аб заканатворчасці, старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што, з аднаго боку, законапраекты павінны адпавядаць рэаліям сённяшняга часу. З іншага боку, важна працаваць на апярэджанне. "Мы павінны бачыць, якія пытанні яшчэ не ўрэгуляваны заканадаўча", - сказала яна.

Асобна Наталля Качанава спынілася на тых праблемах, якія не могуць не хваляваць. У прыватнасці, размова ішла аб санкцыях адносна краіны. Для процідзеяння падрыву палітычнай стабільнасці, грамадзянскага міру і грамадскай бяспекі, для абароны нацыянальных інтарэсаў, правоў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання падрыхтаваны змяненні ў Крымінальны кодэкс, якія ўстанаўліваюць адказнасць за заклікі да абмежавальных (санкцыйных) дзеянняў супраць краіны.

"Гэта непарадак, калі людзі, нашы былыя суайчыннікі, заклікаюць да санкцый, разумеючы, што гэтыя санкцыі будуць накіраваны супраць кожнага чалавека ў нашай краіне. Гэта наогул не паддаецца ніякаму асэнсаванню і чалавечаму розуму. На мой погляд, гэта проста безразважлівасць. За гэта, вядома, павінны несці адказнасць тыя людзі, якія заклікаюць да санкцый супраць свайго ж народа, сваёй краіны", - падкрэсліла Наталля Качанава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі