Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 красавіка 2019, 17:45

Качанава: галоўнае ў рабоце дзяржслужачых - справядлівыя адносіны да людзей

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Справядлівыя адносіны да людзей - галоўнае ў рабоце дзяржаўных служачых. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава 5 красавіка на нарадзе па ўдасканаленні дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час размовы з судзейскім корпусам Наталля Качанава нагадала аб словах кіраўніка дзяржавы, які патрабуе справядлівых адносін да людзей. "Вось той асноўны пасыл, які павінен быць галоўным для кожнага дзяржаўнага служачага ў нашай краіне і, вядома ж, для кіраўнікоў судоў, якія вяршаць лёсы людзей", - падкрэсліла яна.

Паводле яе слоў, работа суддзяў блізкая да работы супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя, ад рашэння якіх можа залежыць лёс чалавека. Таму важна дэталёва разбірацца ў кожнай сітуацыі, каб прынятыя потым рашэнні былі справядлівымі. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваецца кіраўнік дзяржавы. "Літаральна зараз мне перадалі даручэнне Прэзідэнта, які прачытаў у інтэрнэце паведамленне, што затрыманы кіраўнікі аднаго з прадпрыемстваў і калектыў звяртаецца з просьбай падтрымаць іх хадайніцтва аб тым, што кіраўнік добры, што ён зрабіў многае, і абараніць яго, - расказала Наталля Качанава. - Даручана дэталёва разабрацца па гэтым пытанні і далажыць Прэзідэнту".

Яна звярнула ўвагу, што дзейнасць судовых органаў павінна быць незалежнай ад якіх-небудзь структур або іншых галін улады. У сувязі з гэтым яна папрасіла суддзяў паведамляць аб спробах аказаць націск на іх. "Мы заўсёды знойдзем магчымасць перадаць гэта, данесці да кіраўніка краіны", - запэўніла Наталля Качанава.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама заклікала суддзяў быць больш адкрытымі са сродкамі масавай інфармацыі. Вядома, заўважыла яна, не варта абмяркоўваць падрабязнасці крымінальных спраў, але падзяліцца з журналістамі меркаваннем па актуальных пытаннях часам неабходна. "Важна чуць меркаванне прафесіяналаў у гэтых пытаннях. Калі не будуць выступаць людзі, якія ведаюць гэтыя пытанні дакладна, то інфармпрастора будзе запаўняцца непраўдзівай, недакладнай інфармацыяй, - сказала Наталля Качанава. - Вельмі важна, каб інфармацыя, якая размяшчаецца ў СМІ і на сайтах, была дакладнай".

Кіраўнік Адміністрацыі падтрымала меркаванне, што падрыхтоўка ў Беларусі спецыялістаў юрыдычнага профілю павінна быць больш якаснай. "Мы бачым гэта і разумеем, абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Будзем удзячны, калі ваша супольнасць прадставіць нам свае прапановы", - адзначыла яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі