Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2021, 16:01

Качанава: для вырашэння пытанняў з добраўпарадкаваннем трэба больш актыўна выкарыстоўваць механізм ДПП

9 снежня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства неабходна больш актыўна выкарыстоўваць для вырашэння пытанняў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Такое меркаванне сёння журналістам па выніках пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Гродне выказала яго старшыня Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асноўнай тэмай пасяджэння стаў стан работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Гродзенскай вобласці. Удзел у ім прынялі таксама прадстаўнікі выканаўчай улады вобласці і дэпутаты розных узроўняў.

Таксама падчас пасяджэння падвялі вынікі адзінага дня прыёму грамадзян у выканкамах Гродзенскай вобласці. Прыёмы напярэдадні прайшлі ў 10 раёнах. У прыватнасці, на прыём да Наталлі Качанавай у Лідскім райвыканкаме запісаліся некалькі дзясяткаў чалавек з Гродзенскай і іншых абласцей.

"Работа са зваротамі грамадзян у краіне вядзецца на сістэмнай аснове. Але вельмі важна паглядзець, як складваецца сітуацыя ў розных рэгіёнах. У тым ліку добра зарэкамендавалі сябе для гэтага выязныя прыёмы", - расказала Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што Гродзенская вобласць для правядзення пасяджэння выбрана была невыпадкова. Вельмі важна было ўбачыць, чым жывуць прыгранічныя рэгіёны.

У Гродзенскай вобласці сітуацыя са зваротамі грамадзян выглядае добра. Напрыклад, у агульнай колькасці доля пытанняў, што паступаюць у Савет Рэспублікі з рэгіёна, мінімальная.

Звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі і на асаблівасць рэгіёна. Каля 30 працэнтаў зваротаў датычацца пытанняў добраўпарадкавання двароў, вуліц, дарог, у цэлым населеных пунктаў. "Гэтыя пытанні павінны заставацца на кантролі мясцовай улады. Між тым мы прыйшлі да высновы, што для іх вырашэння трэба больш актыўна выкарыстоўваць механізмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Людзі таксама павінны быць зацікаўлены, каб іх двор, вуліца, прылеглыя тэрыторыі былі ў нармальным стане. Неабходна для гэтага задзейнічаць і патэнцыял грамадскіх арганізацый, у тым ліку тых жа дваровых камітэтаў, саветаў. Такая форма ўзаемадзеяння эфектыўная", - адзначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што таксама ёсць бачанне, што неабходна зрабіць на заканадаўчым узроўні, каб яшчэ больш удасканаліць гэту работу.

Наталля Качанава адзначыла, што са зваротамі грамадзян трэба працаваць на апярэджанне. "Чым лепш будзе выбудавана гэта работа, тым менш будзе пытанняў. Людзі будуць разумець, што тая ці іншая праблема накіравана ў пэўнае рэчышча", - падкрэсліла яна.

Акрамя таго, Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на яшчэ адным моманце. У Гродзенскай вобласці больш за палову зваротаў у мясцовыя органы ўлады былі звязаны з тлумачэннямі і кансультацыямі. Гэта значыць, што на месцах неабходна яшчэ больш працаваць з людзьмі ў плане інфармавання праз СМІ, так і на сустрэчах у калектывах, па месцы жыхарства.-0-

Фота Леаніда Шчаглова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі