Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2021, 14:50

Качанава: Беларусь неправамерна абвінавачваюць у стварэнні міграцыйнага крызісу

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай прыняла ўдзел у 53-м пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў (МПА СНД), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У складзе дэлегацыі - члены Прэзідыума Савета Рэспублікі Сяргей Сівец і Сяргей Рачкоў, член Савета Рэспублікі Фелікс Яшкоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка.

Парламентарыі прынялі сумесную заяву МПА СНД, Рэгіянальнага бюро Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Вене і Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя "Аб мерах заканадаўчага забеспячэння працоўнай міграцыі ў перыяд пандэміі", у якой прапануюцца ўніверсальныя меры і гарантыі для працоўных-мігрантаў у галіне сацыяльнай абароны і аховы здароўя.

"Тэма нашай сумеснай заявы вельмі важная і актуальная. У Рэспубліцы Беларусь у міры і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій. Але мы ніколі не маглі падумаць аб тым, што сутыкнёмся з сур'ёзнай міграцыйнай сітуацыяй на граніцы Беларусі з Еўрапейскім саюзам, якая можа стаць узрыванебяспечнай. Нашу краіну неправамерна абвінавачваюць у стварэнні міграцыйнага крызісу. Публікуюцца фэйкі, няпраўда і дэзынфармацыя. Мы катэгарычна гэта не прымаем. Беларусь не з'яўляецца прычынай і крыніцай гэтай праблемы", - сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, людзі бягуць ад вайны і беднасці з краін Блізкага Усходу ў дзяржавы Еўрапейскага саюза. Ім еўрапейцамі было абяцана лепшае жыццё.

"Грамадзяне Беларусі, сенатары, дэпутацкі корпус, грамадскія арганізацыі абураны прадузятым стаўленнем да Беларусі з боку еўрапейскіх краін. Мы не раз звярталіся ва ўсе еўрапейскія арганізацыі, да сваіх калег, дэпутатаў. Але, на жаль, шчыра кажучы, нас не чуюць, - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. - Больш таго, з вялікай занепакоенасцю мы даведаліся пра ўключэнне ў праект парадку дня 143-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, якая пачынае сваю работу ў Мадрыдзе сёння, надзвычайнага пункта на тэму "Спыненне гандлю людзьмі, спыненне парушэнняў правоў чалавека і работа ў напрамку свабодных і сумленных выбараў у Беларусі", ініцыяванага дэлегацыямі Германіі, Латвіі, Нідэрландаў і Польшчы. Наколькі цынічна, што ў адносінах да мірных бежанцаў польскім бокам выкарыстоўваецца сілавое ўздзеянне, прымяняюцца вадамёты, слёзатачывы газ, святлошумавыя гранаты і хімічныя рэчывы".

Па гэтых фактах Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле "злачынства супраць бяспекі чалавецтва". Устаноўлены 132 пацярпелыя, сярод якіх жанчыны і дзеці. "Людзі знаходзіліся на граніцы ў бесчалавечных умовах, холадзе і голадзе. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі мы стварылі для бежанцаў прымальныя ўмовы. Асаблівая ўвага ўдзелена здароўю людзей", - канстатавала Наталля Качанава.

"Наша шматпакутная краіна, якая страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга жыхара, ведае, якой цаной дастаўся мір і спакой. Мы не гатовы, каб па нечай віне на нашай тэрыторыі развязалася вайна. Але адмаўляць людзям у дапамозе мы не можам і сваімі сіламі і сродкамі прадоўжым падтрымліваць гэтых абяздоленых бежанцаў, - дадала старшыня Савета Рэспублікі. - Вельмі важна, што Міжпарламенцкая асамблея СНД узнімае пытанні становішча мігрантаў, прававога рэгулявання іх статусу і дзейнасці ў нашых краінах і іншых дзяржавах. Гэта работа ўсіх органаў Садружнасці, у тым ліку нашай парламенцкай арганізацыі, заслугоўвае падтрымкі і падзякі. У рамках Міжпарламенцкай асамблеі мы маем магчымасць давесці да сусветнай супольнасці нашу пазіцыю і разлічваць, што будзем пачуты".

У ходзе пасяджэння таксама разгледжаны мадэльныя законы "Аб роўным доступе да прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння ВІЧ-інфекцыі ў краінах СНД", "Аб донарстве органаў", "Аб ацэначнай дзейнасці".

Член Савета Рэспублікі Фелікс Яшкоў прадставіў удзельнікам пасяджэння дакументы па пытаннях абароны і бяспекі - рэкамендацыі па інтэграцыі норм міжнароднага гуманітарнага права ў кіруючыя дакументы узброеных сіл, сістэмы ваеннай прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі войскаў (сіл) дзяржаў - удзельніц СНД і мадэльную методыку ацэнкі ініцыятыў у сферы рэгулявання абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў.

Зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб пастаянных камісіях Асамблеі - адзін з асноўных дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць МПА СНД і яе органаў. Па гэтым пытанні выступіў член Прэзідыума Савета Рэспублікі Сяргей Сівец. Беларускім бокам унесены змястоўныя прапановы аб неабходнасці замацавання алгарытму размеркавання кіраўніцтва ў пастаянных камісіях сярод парламентаў і ўвядзення аднолькавага прадстаўніцтва намеснікаў старшынь пастаянных камісій. Прапановы былі ўлічаны пры падрыхтоўцы дакумента.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі