Сцяг Субота, 19 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 чэрвеня 2025, 16:04

Качанава: аб росце якасці нашай прадукцыі сведчыць дынаміка экспарту
 

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб росце якасці беларускай прадукцыі сведчыць дынаміка экспарту, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі на тэму "Пяцігодка якасці: мэтавыя задачы і шляхі іх вырашэння" на пляцоўцы навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў спікера, калі размова заходзіць пра пяцігодку якасці, то пад гэтым маецца на ўвазе не толькі якасць выпускаемай прадукцыі, а перш за ўсё якасць жыцця людзей. "Таму, калі сваім указам Прэзідэнт аб'явіў пяцігодку якасці - мы разумеем, што гэта было абсалютна правільным рашэннем. Таму што гэта вельмі важна. Таксама як мінулы год у нас праходзіў пад эгідай якасці. Быў распрацаваны план, які ўключаў 69 мерапрыемстваў. І, вядома, гэтыя мерапрыемствы ўсе былі рэалізаваны. Гэта дало свае вынікі. Але Прэзідэнт сказаў аб тым, што нельга абмяжоўвацца Годам якасці. Мы разумеем, якая цяпер сур'ёзная канкурэнцыя. Нашы прадпрыемствы павінны выпускаць якасную прадукцыю. Падпісаны Прэзідэнтам указ распаўсюджваецца не толькі на якасць выпускаемай прадукцыі, а абсалютны на ўсе галіны жыццядзейнасці нашай краіны", - адзначыла Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі прывяла некаторыя паказчыкі мінулага Года якасці. "Толькі за мінулы год у краіне было адрамантавана 5 тыс. км аўтамабільных дарог (пры плане 4,3 тыс. км). Мадэрнізавана і пабудавана 2,7 тыс. км ліній электраперадач. Аб росце якасці нашай прадукцыі сведчыць дынаміка экспарту. Экспарт тавараў і паслуг па выніках 2024 года склаў амаль $50 млрд, што з'яўляецца рэкордным значэннем за 12 гадоў. Нягледзячы на санкцыйны націск, пра які мы ўжо забылі і амаль не гаворым, уявіце гэтыя лічбы. І як адзначыў кіраўнік дзяржавы пры ўручэнні сімвалаў Дзяржаўнага знака якасці, вынікі Года якасці - гэта вынік дзесяцігоддзяў нашага развіцця", - дапоўніла Наталля Качанава.

"Мы ганарымся сёння беларускімі таварамі, тэхнікай, якая выпускаецца на нашых прадпрыемствах. І такіх прадпрыемстваў даволі шмат. Члены Савета Рэспублікі ў рамках міжнароднай дзейнасці выязджаюць у розныя краіны, сустракаюцца з іх кіраўніцтвам. Зусім нядаўна ў мяне былі сустрэчы з Прэзідэнтам Азербайджана і Прэзідэнтам Узбекістана. Першае, аб чым яны гаварылі, - гэта аб вялікім аўтарытэце для іх Прэзідэнта нашай краіны ў частцы прынятых рашэнняў і аб якасці беларускай прадукцыі, - адзначыла спікер. - Аб якасці нашых прадуктаў харчавання мы ведаем шмат. Мы праводзілі выязное мерапрыемства на Салігорскай птушкафабрыцы, вывучалі, як рэалізуюцца пастаўленыя Прэзідэнтам задачы па праекце "Адзін раён - адзін праект". Гэта выдатнае прадпрыемства, якое сёння забяспечвае добрымі прадуктамі харчавання не толькі гандлёвыя сеткі Рэспублікі Беларусь, гэту прадукцыю ведаюць далёка за межамі нашай краіны".

Але пры гэтым нельга самазаспакойвацца. "Нам трэба рабіць усё для таго, каб не зніжаць якасць выпускаемай прадукцыі. Зыходзячы са зваротаў, якія паступаюць да нас, мы бачым: пытанні якасці правядзення капітальнага рамонту, аказання паслуг ЖКГ у нас яшчэ ёсць. Для нас вельмі важна, каб пытанні якасці жыцця, дэмаграфічныя пытанні і шэраг іншых былі заканадаўча ўрэгуляваны і вырашаліся", - падкрэсліла Наталля Качанава.
Спікер дадала, што ў Беларусі ствараюцца прывабныя ўмовы для інвестыцый. "Мы разумеем, што работа па павышэнні якасці заўсёды спалучана з фінансаваннем, інвестыцыямі. Толькі за мінулы год у набыццё абсталявання, у тым ліку ў рамках праграм тэхпераўзбраення і мадэрнізацыі, у цэлым па рэспубліцы інвесціравана амаль Br18 млрд. Таму мы, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, ствараем прывабныя ўмовы для інвестыцый у мадэрнізацыю вытворчасці, асваенне новых відаў прадукцыі", - дадала старшыня Савета Рэспублікі.

Выязное пасяджэнне аб'яднала шырокае кола ўдзельнікаў. Гэта члены Прэзідыума Савета Рэспублікі, кіраўніцтва рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, старшыні абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, намеснікі старшынь абласных выканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія курыруюць пытанні прамысловага комплексу эканомікі, кіраўнікі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, кіраўнікі прадпрыемстваў з сістэмы Дзяржстандарту, члены Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.-0-

Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі