Наталля Качанава
15 лістапада, Шуміліна /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Да людзей, якія прыходзяць на асабістыя прыёмы, трэба адносіцца больш уважліва і ўмець чуць іх, размаўляць з імі. Аб гэтым на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, якое праходзіць у Шуміліне, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава ў пачатку пасяджэння падкрэсліла, што ў адзіны дзень прыёму грамадзян у паўночным рэгіёне 11 лістапада было няшмат заяўнікаў. Прааналізаваўшы пытанні, якія паступілі, яна расказала, што 30 працэнтаў зваротаў у Савет Рэспублікі з Віцебскай вобласці датычацца сферы ЖКГ. Устараненню праблем мясцовым уладам трэба ўдзяліць больш увагі. "Тое, як кіраўнік працуе з людзьмі і як людзі ўспрымаюць яго работу, уплывае на імідж усёй улады нашай краіны. На гэтым Прэзідэнт акцэнтаваў асаблівую ўвагу", - адзначыла спікер, дадаўшы, што работа з насельніцтвам была і заўсёды будзе актуальнай, таму што праводзімая ў краіне палітыка накіравана на паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян.
Гэты год асабліва важны, паколькі краіна ўступіла ў электаральную кампанію. "Мы павінны слухаць і чуць людзей, умець з імі размаўляць", - сказала Наталля Качанава.
Яна адзначыла, што на мерапрыемстве прысутнічаюць дэпутаты ўсіх узроўняў - і тыя, хто ўжо даўно працуюць, і тыя, хто нядаўна прыйшлі на сваю пасаду. Ім трэба вывучаць практыку работы на месцах і азнаёміцца, з якімі пытаннямі грамадзяне звярталіся раней. "Мы адказваем за ўсё тое, што нам даверана сёння, і не важна, хто працаваў да гэтага. Калі вы паднялі перапіску і паглядзелі, што нехта раней даў абяцанне гэту дарогу зрабіць або ўключыць яе ў план добраўпарадкавання на 2024, 2025, 2026 год, то вы павінны гэтыя абяцанні выконваць", - сказала Наталля Качанава, нацэльваючы новых старшынь гарадскіх і сельскіх Саветаў дэпутатаў больш уважліва ставіцца да зваротаў насельніцтва.
Таксама старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што калі на месцах ёсць цяжкасці ў вырашэнні нейкіх пытанняў, то трэба звяртацца ў міністэрствы, ведамствы - па дапамогу, растлумачэнні, а не раіць людзям звяртацца ў суд. "Старайцеся гэтыя завязаныя вузлы развязваць, так не павінна быць. У нашай краіне выбудавана ўнікальная сістэма работы з людзьмі", - падкрэсліла Наталля Качанава.-0-
Фота Аляксандра Хітрова