Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 снежня 2015, 17:09

Кабякоў перадаў музычныя цэнтры рэабілітацыйнаму цэнтру для дзяцей-інвалідаў

23 снежня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час акцыі "Нашы дзеці" перадаў ДУ "Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў" музычныя цэнтры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Напярэдадні свят - Новага года, Каляд - прыемна тут знаходзіцца, я рады магчымасці сустрэцца з вамі і ўбачыць, як вы тут жывяце і якія праграмы ажыццяўляеце для таго, каб кожны быў здаровы, шчаслівы і знайшоў сабе сябра, з кім мог бы потым сустракацца і дзяліцца радасцямі і дасягненнямі", - адзначыў Андрэй Кабякоў, звяртаючыся да выхаванцаў і выхавальнікаў цэнтра.

Прэм'ер-міністр нагадаў, што ў лістападзе 2015 года Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў адзначыў 15-годдзе. "Гэта добрае і светлае месца, дзе рэальна дапамагаюць дзецям, іх бацькам, каб яны справіліся з тымі часовымі цяжкасцямі, якія, на жаль, часам здараюцца з людзьмі. Але самае галоўнае, што людзі павінны знаходзіць у сабе сілы і магчымасці гэтыя цяжкасці пераадольваць. Я бачу, што вы ўсе вельмі добра з гэтым спраўляецеся", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў важнасць таго, што ў цэнтры не толькі ажыццяўляецца аздараўленне і рэабілітацыя, але і прадастаўляецца магчымасць дзецям навучыцца асновам будучых прафесій.

Ён выказаў удзячнасць кіраўніцтву цэнтра за высокі прафесіяналізм і неабыякавасць.

У падарунак рэабілітацыйнаму цэнтру кіраўнік беларускага ўрада перадаў музычныя цэнтры. "Яны будуць дастаўляць вам задавальненне, таму што вы будзеце слухаць тую музыку, якая вам падабаецца. Але гэта не проста забава - гэта элемент вашага выздараўлення, рэабілітацыі. Паколькі добрая музыка станоўча ўздзейнічае на арганізм, робіць чалавека не толькі больш добрым, але і здаровым", - запэўніў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр павіншаваў прысутных з Новым годам і Калядамі і пажадаў шчасця, каб у надыходзячым годзе здзейснілася ўсё задуманае і, самае галоўнае, каб усе атрымалі зарад здароўя і цяпла, якія застануцца на ўсё жыццё.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі