
19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Яшчэ тры беларускія палярнікі прыбылі ў Антарктыду з грузам экспедыцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.
Паводле інфармацыі начальніка 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксея Гайдашова, у рэжыме аўральных работ праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў БАЭ з борта навукова-даследчага судна "Акадэмік Трошнікаў" на станцыю "Гара Вячэрняя". На станцыю прыбылі тры супрацоўнікі экспедыцыі. Генеральны груз БАЭ (31 т) дастаўлены без пашкоджанняў і страт. "Паспяховаму правядзенню паветранай грузавой аперацыі садзейнічала дакладнае прафесійнае ўзаемадзеянне паміж камандным складам, членамі экіпажаў і супрацоўнікамі навукова-даследчага судна, авіяатрада, расійскай і беларускай антарктычных экспедыцый. Прыборы для навуковых назіранняў, сістэмы жыццезабеспячэння, сродкі транспарту і сувязі працуюць у штатным рэжыме", - расказалі ў НАН.
Асабовы склад 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі прадаўжае выкананне зацверджаных НАН Беларусі навуковых праграм, планаў тэхнічных работ і прыродаахоўных мерапрыемстваў. На Беларускай антарктычнай станцыі ёсць неабходныя запасы паліва, прадуктаў харчавання, медыкаментаў.
З замежнымі антарктычнымі станцыямі, міжнароднымі каардынацыйнымі цэнтрамі, навукова-даследчымі суднамі "Акадэмік Трошнікаў" і "Акадэмік Фёдараў" падтрымліваецца ўстойлівая спадарожнікавая сувязь.
Як паведамлялася, 15 лістапада 2021 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. На лядовы кантынент адправіліся 11 чалавек. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны. У камандзе як спецыялісты, якія пабывалі ўжо ў Антарктыдзе, так і навічкі. Беларускія палярнікі пачалі навуковыя даследаванні ў Антарктыдзе ў снежні 2021 года.-0-