Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 верасня 2024, 13:09

Якія распрацоўкі беспілотнікаў паказалі Лукашэнку. Дзяржкамваенпрам раскрыў падрабязнасці

 

24 верасня, Баранавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. На 230-м агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з баявымі магчымасцямі айчынных перспектыўных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі (УВСТ), паведамляе БЕЛТА.

Больш за 30 вырабаў ваеннага прызначэння айчыннай вытворчасці былі прадстаўлены арганізацыямі, якія ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама і прадпрыемствамі абароннага сектара эканомікі. Свае распрацоўкі прадэманстравалі 13 арганізацый зброевага ведамства і шэсць кампаній абароннага сектара эканомікі.

Асноўны акцэнт у ходзе паказу быў зроблены на айчынных беспілотных авіяцыйных комплексах (БАК).
Як расказалі ў Дзяржкамваенпраме, у 2024 годзе распрацаваны і прыняты на ўзбраенне ўдарны БАК "Чакан В" і шматфункцыянальны БАК малой далёкасці "Беркут-3". Раней на ўзбраенне былі прыняты ўдарныя БАК "Квадра-1400" і "Баражыруючая труба". Дзяржкамваенпрамам арганізавана іх серыйная вытворчасць.
Ударны БАК "Чакан В" распрацаваны ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" і прызначаны для пошуку, выяўлення і паражэння стацыянарных або маларухомых наземных аб'ектаў. Беспілотнікі, якія ўваходзяць у склад комплексу (іх можа быць ад 7 да 10), - аднаразовага прымянення ("камікадзэ") з далёкасцю дзеяння да 25 км.

Комплекс "Чакан В" прайшоў усе віды выпрабаванняў і ў ліпені 2024 года прыняты на ўзбраенне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Пры стварэнні ўдарнага комплексу рэалізаваны элементы штучнага інтэлекту, якія забяспечваюць выкананне задачы без удзелу чалавека. Баявая частка беспілотніка - асколачна-фугасная масай 2,3 кг, дакладнасць пападання ў цэль - менш за 3 метры (у аналагаў - ад 5 да 10 метраў).
Сваю распрацоўку - разведвальны БАК малой далёкасці "Беркут-3" - прадставіла на паказе ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання". Разведвальны комплекс прызначаны для вядзення паветранай оптыка-электроннай разведкі ў бачным і інфрачырвоным дыяпазонах днём і ноччу. У сакавіку 2024 года "Беркут-3" прыняты на ўзбраенне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Узоры БАК "Квадра-1400" і "Баражыруючая труба" распрацаваны і серыйна вырабляюцца ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплэй". Яны прыняты на ўзбраенне ў верасні 2022 года і пастаўляюцца ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

Наступныя свае распрацоўкі - БАК "Міратворац" і "Аскалон" - прадстаўлены таварыствам з абмежаванай адказнасцю "КБ Беспілотныя Верталёты". Дзяржкамваенпрам выступіў заказчыкам гэтага праекта.

У склад кожнага БАК уключаны аднолькавыя сродкі кіравання і забеспячэння: мабільны пункт кіравання, пускавая ўстаноўка, транспартна-зараджальная машына. Адрозненні толькі ў прымяняемых БЛА.
Яшчэ адной цікавай распрацоўкай, прадстаўленай ТАА "КБ Беспілотныя Верталёты", стаў разведвальна-ўдарны БАК верталётнага тыпу "Хантэр", прызначаны для выяўлення і агнявога паражэння: надводных дронаў (процікарабельных), маласкорасных паветраных цэлей, браніраванай тэхнікі, жывой сілы праціўніка.
У склад комплексу ўваходзіць наземная станцыя кіравання, транспартны сродак наземнага забеспячэння, транспартная платформа і беспілотны верталёт.

На постсавецкай прасторы гэта адзіны беспілотны комплекс верталётнага тыпу ўзлётнай масай большай за 500 кг. Толькі Northrop Grumman (ЗША) і Airbus Helicopters (Францыя) прадстаўляюць на рынку беспілотныя верталёты з супастаўным паказчыкам узлётнай масы.

Прадстаўлены былі таксама першыя айчыння FPV-дроны. Так, ЗАТ "Беспілотныя лятальныя апараты" прадставіла распрацоўку FPV-БЛА самалётнага тыпу "АКОРД". Максімальная далёкасць дзеяння беспілотніка складае 20 км, крэйсерская скорасць БЛА - 120 км/гадз, вышыня палёту ад 50 да 1500 м, вага карыснай нагрузкі - да 2,5 кг.

ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплэй" на пляцоўцы прадставіла яшчэ адну сваю ініцыятыўную распрацоўку - мадыфікацыю БАК "Квадра-М".

Комплекс прызначаны для паражэння лёгкабраніраваных і небраніраваных цэлей, жывой сілы праціўніка, якая знаходзіцца ў лёгкіх укрыццях палявога тыпу днём і ноччу.

Наступная распрацоўка ад завадчан з Баранавіч. Яны прадэманстравалі на паказе БАК "Лоўчы" - ударны беспілотны авіяцыйны комплекс, аснашчаны беспілотнымі лятальнымі апаратамі з радыусам дзеяння да 70 км (УБАК-70). Ён забяспечвае выкананне спецыяльных задач па пошуку, выяўленні, паражэнні стацыянарных, маларухомых наземных аб'ектаў у любы час сутак у розных умовах надвор'я на адлегласці да 70 км.

На паказе ААТ "Пеленг" прадставіла эксперыментальныя ўзоры кіруемых авіяцыйных сродкаў паражэння малога калібру для прымянення з БЛА розных відаў.

Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднанне парашковай металургіі ва ўзаемадзеянні з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь распрацавала асколачна-фугасныя боепрыпасы масай ад 0,5 да 2 кг, прызначаныя для паражэння жывой сілы праціўніка з прымяненнем дрона верталётнага тыпу (квадракоптара), а таксама з дапамогай дрона-"камікадзэ".

З улікам вопыту СВА па заказе Міністэрства абароны ў самыя кароткія тэрміны распрацаваны сродкі барацьбы з БЛА акопнага тыпу. Усе яны паспяхова праходзяць выпрабаванні.
Яшчэ адной навінкай ААТ "КБ Радар" з'яўляецца комплекс радыёманіторынгу і радыёпадаўлення УКХ сувязі Р-936 ("Аэра").

Дадаткова на пляцоўцы прадстаўлена станцыя радыёэлектроннай барацьбы з БПЛА "Навальніца С", якая выдатна сябе зарэкамендавала. Яе прызначэннем з'яўляецца выяўленне, пеленгаванне, месцавызначэнне і радыёэлектроннае процідзеянне БПЛА (квадракоптары масавай вытворчасці, самаробныя і ваенныя тактычныя БПЛА).
У рамках практычнага паказу былі прадэманстраваны перспектыўныя распрацоўкі новых узораў УВСТ, якія праводзяцца Дзяржкамваенпрамам, у тым ліку заснаваныя на прымяненні новых фізічных прынцыпаў.
"Названая дэманстрацыя чарговы раз паказвае, што айчынныя распрацоўшчыкі УВСТ трымаюць руку на пульсе часу і могуць адказваць на сучасныя выклікі і пагрозы ваеннай бяспецы нашай дзяржавы, садзейнічаючы вырашэнню баявых задач ва ўмовах вядзення сучаснага бою", - рэзюмавалі ў Дзяржкамваенпраме.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі