Сцяг Пятніца, 10 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 студзеня 2025, 18:30

Якія навацыі 2025 года накіраваны на падтрымку сем'яў і дзяцей з інваліднасцю, расказалі ў Мінпрацы

Фота з архіва
Фота з архіва
9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб навацыях у пенсійным забеспячэнні, што ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2025 года і накіраваны на падтрымку сем'яў і дзяцей з інваліднасцю, журналістам расказала начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Алена Гомарава адзначыла, што змяненнямі прадугледжана значная падтрымка дзяцей-інвалідаў, якія страцілі карміцеля. "З 1 студзеня 2025 года ім да пенсіі ўстанаўліваецца павышэнне. Яго памер залежыць ад ступені страты здароўя дзіцяці-інваліда і вар'іруецца ад 80 працэнтаў да 110 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму", - расказала яна.

Таксама павышэнне па гэтай падставе прадугледжана і для інвалідаў з дзяцінства І і ІІ групы старэйшых за 18 гадоў, калі карміцель памёр да іх паўналецця, у памеры 110 працэнтаў і 95 працэтаў БПМ адпаведна.

З 1 студзеня бацькі, якія ў адзіночку выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, атрымліваюць права на датэрміновы выхад на пенсію. "Згодна з заканадаўствам, якое дзейнічала да 2025 года, прадугледжвалася норма аб тым, што спачатку маці павінна была набыць права на пенсію, а затым перадаць гэта права бацьку. Цяпер, улічваючы, што даволі шмат бацькаў выхоўваюць у адзіночку дзяцей-інвалідаў, была прадугледжана норма аб датэрміновым выхадзе на пенсію для іх. Гэта значыць, што таты змогуць пайсці на пенсію на 5 гадоў раней за дасягненне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту пры наяўнасці 5 гадоў работы з выплатай страхавых узносаў і агульнага стажу не менш як 25 гадоў, у які ўключаецца догляд дзіцяці-інваліда і перыяд дзённай формы навучання. Аднак важнай умовай з'яўляецца тое, што яны павінны выхоўваць дзіця-інваліда не менш як 8 гадоў да яго паўналецця", - дадала яна.

Таксама навацыямі прадугледжана зніжэнне патрабаванняў па страхавым стажы для шматдзетных маці з чатырма дзецьмі. "З 1 студзеня 2025 года патрабаванні па страхавым стажы зніжаны з 10 да 5 гадоў. Пенсія будзе назначацца пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Аднак пры зніжаных патрабаваннях па страхавым стажы ў 5 гадоў таксама неабходна выканаць умовы па выхаванні дзіцяці да дасягнення ім узросту 8 гадоў", - адзначыла Алена Гомарава.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі