Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 снежня 2022, 14:10

Які эканамічны эфект прынёс запуск беларускага касмічнага апарата? Адказалі ў НАН

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выручка ад продажу тэхналогій і вырабаў, якія былі распрацаваны пры рэалізацыі праекта, больш як на $30 млн перавышае затраты на стварэнне Беларускага касмічнага апарата і эксплуатацыю ўсёй сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Аб гэтым расказаў дырэктар прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Залатой у праекце "Па факце: рашэнні Першага" на YouTube-канале БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне, ці апраўдаў сябе з эканамічнага пункту гледжання запуск беларускага спадарожніка ў 2012 годзе, спецыяліст падкрэсліў: "Сёння ўсе спадарожнікі оптыка-электроннага назірання вырашаюць задачы нацыянальнай бяспекі дзяржаў. А гэтыя рэчы не вызначаюцца прамым эканамічным эфектам". Ён растлумачыў, што ў краінах Захаду пры стварэнні касмічных апаратаў значныя абавязацельствы бярэ на сябе дзяржава, яна загадзя гарантуе, што выкупіць 80 працэнтаў рэсурсу апарата. "Хвалёныя Starlink, SpaceX Ілана Маска… Усе праекты па такой схеме працуюць. Калі ёсць гарантаваны заказ, можна ўзяць крэдыт і зрабіць работу. Толькі 15-20 працэнтаў застаецца на камерцыю (камерцыйнае выкарыстанне апаратаў. - Заўвага БЕЛТА)", - удакладніў Сяргей Залатой.

Ён нагадаў, што ў 2006 годзе, калі Беларусь запускала свой першы касмічны апарат, на арбіце было ўсяго 2-3 спадарожнікі з распазнаваннем 2 м. Кошт здымкаў дасягаў $8 за квадратны кіламетр пры прадукцыйнасці 100 тыс. кв.км. за суткі. "Калі пералічыць і нават узяць 10 працэнтаў ад прадукцыйнасці, акупнасць - праз 2 гады. Але ў 2012 годзе сітуацыя рэзка змянілася. Стала шмат апаратаў і кошт касмічнай здымкі такога класа - каля 30 цэнтаў, ён знізіўся больш як у 20 разоў. А кошт саміх касмічных апаратаў істотна не змяніўся", - сказаў ён.

З аднаго боку, рынак касмічнай інфармацыі з году ў год становіцца ўсё больш насычаным, звярнуў увагу Сяргей Залатой. Але з іншага боку, калі ўзнікае крытычная сітуацыя, атрымаць такую інфармацыю становіцца немагчыма. "На сённяшні дзень купіць касмічную інфармацыю высокага распазнавання над тэрыторыяй Украіны або Беларусі, немагчыма. Яе проста не прадаюць замежныя спадарожнікі. Калі ў цябе свайго спадарожніка няма, то адпаведна ў цябе і інфармацыі няма", - растлумачыў ён.

Таму пры ацэнцы эканамічнай эфектыўнасці праекта па стварэнні першага беларускага касмічнага апарата трэба ўлічваць не толькі прамы камерцыйны эфект, але і ўскосныя. Напрыклад, выручку за кошт продажу праграмнага забеспячэння, тэхналогій. "Выручка ад продажу тэхналогій і вырабаў, якія былі распрацаваны пры рэалізацыі праекта, больш як на $30 млн перавышае затраты на стварэнне БКА і эксплуатацыю ўсёй сістэмы", - падкрэсліў спецыяліст.

Напрыклад, дзякуючы сістэме дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, МНС Беларусі атрымлівае поўную інфармацыю аб тэмпературных анамаліях, пажарах, у тым ліку на сумежных тэрыторыях. У сувязі з гэтым Сяргей Залатой успомніў выпадак з вялікім пажарам у Чарнобыльскай зоне ў 2019 годзе. МНС Беларусі за два тыдні да таго, як пажар наблізіўся да граніц краіны, ужо меў інфармацыю аб надзвычайнай сітуацыі (хоць украінскі бок адмаўляўся прызнаваць факт пажару). Былі праведзены адпаведныя работы каля граніцы, каб у выпадку чаго спыніць пажар. "Ён быў спынены практычна на граніцы. З нашага боку выгаралі 4 га, з боку Украіны - некалькі тысяч. Нават адзін гэты факт сведчыць аб эфектыўнасці сістэмы", - упэўнены спецыяліст.

Яшчэ адзін прыклад выкарыстання інфармацыі, атрыманай дзякуючы сістэме ДЗЗ, - распрацоўка тэхналогій ацэнкі эрозіі ўзбярэжжа ў Венесуэле. "Мала таго што касмічныя тэхналогіі з'яўляюцца лакаматывам для развіцця ўласнай прамысловасці, дык яшчэ і касмічная інфармацыя можа быць эфектыўна выкарыстана для вырашэння розных задач народнай гаспадаркі", - заўважыў дырэктар прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі