Сцяг Субота, 7 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 чэрвеня 2025, 20:09

"Якасна і без фармалізму". Качанава аб рабоце са зваротамі грамадзян

Наталля Качанава
Наталля Качанава
30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку будзе разгледжаны на пасяджэнні экспертнага савета, паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на закрыцці другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Намі праведзена вялікая работа, але наперадзе яшчэ шмат важных пытанняў і адказных задач, на якіх неабходна сканцэнтраваць намаганні, - сказала Наталля Качанава. - Будзе прадоўжана работа над законапраектамі, якія датычацца дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання, пазыковых адносін, дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, восенню нам трэба разгледзець праект рэспубліканскага бюджэту на 2026 год, бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама комплексныя змяненні ў Падатковы кодэкс. Цяпер фарміруецца праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку. Будзем разглядаць гэты дакумент на пасяджэнні экспертнага савета. Калі ў вас ёсць прапановы і ініцыятывы па напаўненні праекта праграмы, аператыўна ўносьце іх для фарміравання агульнай пазіцыі Савета Рэспублікі.

Другое - міжнародныя мерапрыемствы. "Праз некалькі дзён мы прымаем таленавітых і адораных навучэнцаў з дзяржаў СНД у рамках X Міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму "Дзеці Садружнасці". Удзельнікі пазнаёмяцца не толькі з агульнай гісторыяй, але і культурай і традыцыямі краін Садружнасці. Мы плануем арганізаваць для іх шмат цікавых сустрэч. Прашу ўсіх адказна паставіцца да гэтых мерапрыемстваў, форум павінен стаць добрай і запамінальнай падзеяй у жыцці дзяцей, - адзначыла спікер. - У жніўні ў Віцебску адбудзецца беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, які зарэкамендаваў сябе як эфектыўная дыялогавая пляцоўка для прадстаўнікоў бізнесу Беларусі і Узбекістана. У верасні плануецца афіцыйны візіт парламенцкай  дэлегацыі Беларусі ў Рэспубліку Казахстан. Праграму візіту трэба фарміраваць ужо сёння з улікам пераліку актуальных пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння. Прашу членаў Савета Рэспублікі актыўна ўключыцца ў гэту работу".

"Восень - традыцыйны час для актыўнай работы ў міжпарламенцкіх аб'яднаннях. Чарговае пленарнае пасяджэнне і пасяджэнне Савета МПА СНД пройдзе ў Таджыкістане, у Душанбэ. Адбудуцца планавыя мерапрыемствы па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Прашу вас, паважаныя калегі, на пасяджэннях камісій у гэтых структурах адстойваць нашы інтарэсы, а не проста фармальна прысутнічаць", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Трэцяе - работа з насельніцтвам. "Міжсесіённы перыяд неабходна максімальна выкарыстоўваць для выязных мерапрыемстваў, сустрэч з працоўнымі калектывамі, грамадзянамі па месцы жыхарства, моладдзю. Удзельнічаць у дыялогавых пляцоўках і рабоце інфармацыйных груп. Калегі, хачу акцэнтаваць вашу ўвагу на неабходнасці правядзення асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній на якасным узроўні. Фармалізму быць не павінна. Без пафасу адзначу, што гэта наш святы абавязак. І раз у месяц мы павінны праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях або прамыя тэлефонныя лініі, - звярнула ўвагу Наталля Качанава. - Чацвёртае - узмацненне каардынуючай ролі Савета Рэспублікі ў рабоце Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Аб гэтым было сказана раней. Мы - палата рэгіёнаў. І паслядоўная рэалізацыя нацыянальнага прыярытэту "Моцныя рэгіёны" знаходзіцца ў тым ліку ў зоне нашай адказнасці. У рамках наступнага пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні, якое пройдзе ў Віцебскай вобласці, плануецца абмеркаваць наспелыя пытанні ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прашу ўносіць прапановы па гэтай тэме, і перш за ўсё тых, хто паглыблены ў гэтыя пытанні".

Пятае - работа з моладдзю, яе ўключэнне ў вырашэнне актуальных для краіны пытанняў. "Сенатарам трэба паслядоўна і сістэмна працаваць з членамі Маладзёжнага савета на месцах, запрашаючы іх на асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, падтрымліваючы ініцыятывы і праекты. Усе паўнамоцтвы і магчымасці для гэтага ў нас ёсць. Беларускую моладзь вызначае  мэтанакіраванасць і шматграннасць інтарэсаў, высокі інтэлектуальны патэнцыял і глыбокія веды. Яна - наша галоўная рухаючая сіла. Важна ствараць умовы для яе ўдзелу ў грамадскім жыцці і выкарыстоўваць яе энергію, крэатыў, новыя ідэі на карысць краіны", - падкрэсліла Наталля Качанава.

"Шостае - эфектыўнае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. У перыяд вострай фазы інфармацыйнага процістаяння, калі інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і папулярныя месенджары запаланілі фэйкі, важна не толькі самім адрозніваць праўду ад вымыслу, але і тлумачыць розніцу людзям. Як гаворыць наш Прэзідэнт, грамадству патрэбна толькі праўда, і мы з вамі павінны заставацца крыніцай праверанай і надзейнай інфармацыі. Вашы інтэрв'ю друкаваным выданням, экспертныя меркаванні ў тэлевізійных праграмах і радыёэфірах запатрабаваны і цікавыя людзям. Да меркавання членаў Савета Рэспублікі прыслухоўваюцца. У сувязі з гэтым прашу вас прадоўжыць сістэмную работу з рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі, транслюючы заканадаўчы парадак дня, адказна каменціруючы грамадска-палітычныя падзеі ўнутры краіны і на знешнім контуры", - дапоўніла спікер.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі