Сцяг Аўторак, 9 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 жніўня 2025, 14:02

Як змяніліся школьныя падручнікі да новага навучальнага года, расказалі ў Акадэміі адукацыі

Фота з архіва
Фота з архіва
6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік метадычнага цэнтра Акадэміі адукацыі Людміла Раманоўская расказала журналістам аб новых і перавыдадзеных падручніках і вучэбных дапаможнках да надыходзячага навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да 2025/26 навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтавана 28 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З іх два новыя і 26 перавыдадзеных або паўторна выпушчаных выданняў. Адзін новы вучэбны дапаможнік - па асновах бяспекі жыццядзейнасці для 3-га класа, а другі - па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 11-га класа", - расказала Людміла Раманоўская.

Паводле яе слоў, абодва выданні паспяхова прайшлі апрабацыю, перш чым атрымаць дазвол на ўкараненне ў масавую практыку. Кожнае з іх - у 14 установах агульнай і сярэдняй адукацыі нашай краіны.

Акрамя таго, перавыдадзены шэсць вучэбных выданняў для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 20 вучэбных выданняў для ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для пачатковай школы да новага навучальнага года падрыхтаваны "Працоўнае навучанне", 1-ы клас; "Руская мова", 2-гі клас (для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання); "Беларуская мова", 2-гі клас (для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання); "Чалавек і свет", 3-ці клас; "Матэматыка", 2-гі клас; "Літаратурнае чытанне", 4-ы клас).

Для вучняў II і III ступеней падрыхтаваны наступныя выданні. Для 5-га класа: "Руская мова", "Матэматыка", "Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца", "Працоўнае навучанне. Абслуговая праца", "Іспанская мова" - для тых вучняў, якія засвойваюць змест вучэбнай праграмы па гэтым прадмеце на павышаным узроўні.

"Усе перавыдадзеныя вучэбныя дапаможнікі паспяхова прайшлі доследную праверку ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі. І пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску ў іх былі ўнесены неабходныя дапаўненні і змяненні. Удасканалена структура вучэбных дапаможнікаў, змест асноўнага і дадатковага тэксту, сістэма пытанняў і заданняў", - адзначыла Людміла Раманоўская.

"Мы планамерна прадаўжаем работу па ўдасканаленні навігацыйнага апарату нашых вучэбных дапаможнікаў прывядзення яго да аднастайнасці. Да яго прыводзяцца шрыфтавыя выдзяленні ў вучэбных дапаможніках для таго, каб навучэнцам і іх бацькам, настаўнікам было зразумела, які матэрыял з'яўляецца асноўным для запамінання, а які дадатковы", - растлумачыла яна.

Паводле яе слоў, ва ўсе вучэбныя дапаможнікі для II і III ступені агульнай і сярэдняй адукацыі абавязкова ўносіцца артыкул, як працаваць з вучэбным дапаможнікам. Гэта істотна аблягчае дзецям самастойную работу. Акрамя таго, сістэма пытанняў і заданняў дапрацавана такім чынам, каб вучні мелі магчымасць прымяніць атрыманыя веды і ўменні для вырашэння канкрэтных задач.

Людміла Раманоўская дадала, што пры падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў да перавыдання і распрацоўцы новых вучэбных дапаможнікаў вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню выхаваўчага патэнцыялу навучальнага прадмета. У вучэбныя выданні ўключаецца інфармацыя аб дасягненнях суверэннай Беларусі і культурнай спадчыне нашай краіны.

Так, у вучэбным дапаможніку па матэматыцы для 5-га класа можна знайсці задачы, у якіх змяшчаецца інфармацыя пра рэкі Беларусі, возера Нарач, Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", фарфоравы завод у Добрушы і іншыя прадпрыемствы. Вучэбны дапаможнік "Хімія" для 9-га класа знаёміць вучняў з дасягненнямі хімічнай навукі ў Беларусі. Напрыклад, з распрацоўкай новага пакалення вадкіх угнаенняў, з высокатэхналагічнай вытворчасцю хімічнай прамысловасці на прыкладзе Гомельскага хімічнага завода, "Гродна Азота", "Беларуськалія". У падручніках таксама з'яўляецца разнастайная інфармацыя аб дасягненнях у развіцці атамнай электраэнергетыкі, машынабудавання, харчовай, лёгкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

"Вялікая ўвага ўдзелена вучэбным дапаможнікам па замежных мовах. Яны дапоўнены інфармацыяй, якая дае магчымасць вучням сфарміраваць магчымасць прадстаўляць нашу краіну і яе культуру ва ўмовах іншамоўнай міжкультурнай камунікацыі", - растлумачыла Людміла Раманоўская.

Яна таксама нагадала, што электронныя версіі падручнікаў размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале ў адкрытым доступе ў раздзеле "Электронная бібліятэка".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі