Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 чэрвеня 2025, 18:18

Як забяспечыць электрабяспеку пры сельгасработах? Расказалі ў Дзяржэнергагазнаглядзе

 

Фота Дзяржэнергагазнагляду
Фота Дзяржэнергагазнагляду
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ключавыя правілы электрабяспекі, якія дапамогуць захаваць здароўе і нават жыццё пры выкананні палявых работ паблізу паветраных ліній электраперадачы і зберагчы аграрыяў ад няшчасных выпадкаў, нагадалі ў Дзяржаўным энергетычным і газавым наглядзе, паведамляе БЕЛТА.

Так, ахоўная зона электрычнай сеткі - тэрыторыі і паветраная (водная) прастора, непасрэдна прылеглыя да электрычнай сеткі, у межах якіх устанаўліваецца спецыяльны рэжым аховы і выкарыстання. Тут катэгарычна забараняецца перамяшчэнне і работа сельскагаспадарчых, будаўнічых і іншых машын і механізмаў з паднятымі стрэламі, кузавамі, іншымі прыстасаваннямі і ўстройствамі, палявыя сельгасработы з прымяненнем машын, механізмаў і выступаючых частак абсталявання вышынёй больш за 4 м, якія прыводзяць да набліжэння на недапушчальную адлегласць да правадоў, якія знаходзяцца пад напружаннем, захоўванне сена і саломы, выкананне рамонтных і земляных работ без дазволу ўладальніка электрычных сетак, работа ў навальніцу. Забаронена, акрамя таго, пад'язджаць і падыходзіць бліжэй за 8 м да абарваных правадоў або паваленых апор ліній электраперадачы.

Калі ўсё ж провад паветранай лініі электраперадачы ўпаў на тэхніку або зачапіў яе, трэба, па-першае, калі магчыма - ад'ехаць ад провада, не пакідаючы кабіну, па-другое, калі такой магчымасці няма, саскочыць на абедзве нагі, не дакранаючыся да машыны, і адысці ад яе гусіным крокам на 8-10 м. Нарэшце, неабходна паведаміць аб надзвычайным здарэнні па нумары адзінай аварыйнай службы электрасетак - 144.

У Дзяржэнергагазнаглядзе дадалі, што для бяспечнага правядзення работ кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў павінны правесці інструктажы з персаналам, навучыць супрацоўнікаў аказанню першай дапамогі, распрацаваць бяспечныя маршруты перамяшчэння тэхнікі, выключыць рух пад правадамі або, калі гэта не ўяўляецца магчымым, - забяспечыць яго паблізу апор і ўпоперак лініі.

Было падкрэслена, што невыкананне правіл электрабяспекі можа прывесці да непапраўных наступстваў. Два такія выпадкі здарыліся ў 2023 годзе. У жніўні ў Чэрыкаўскім раёне памочнік камбайнера ў час руху камбайна пад правадамі паветранай лініі электраперадачы напружаннем 110 кВ знаходзіўся па-за кабінай, на верхняй частцы камбайна: пры набліжэнні на недапушчальную адлегласць да правадоў лініі яго ўдарыла электрычным токам, пасля чаго мужчына ўпаў у працуючую жняярку камбайна. А ў кастрычніку гэтага ж года ўжо ў Гродзенскім раёне брыгада энергазабеспячальнай арганізацыі, якая прыбыла па паведамленні аб адключэнні лініі, выявіла апору паветранай лініі электраперадачы, якая знаходзілася на зямлі, буракаўборачны камбайн, які стаяў побач, і чалавека, які ляжаў на зямлі. Як высветлілася ў далейшым, камбайн наехаў на апору і пры падзенні была пашкоджана ізаляцыя провада, які ўпаў на металічную канструкцыю камбайна.

Дзяржэнергагазнагляд у гэтым годзе пашырыў геаграфію выкарыстання спецыяльнай наклейкі на сельскагаспадарчай тэхніцы аб мерах бяспекі пры палявых работах у ахоўных зонах ліній электраперадачы. Тэхніку са спецнаклейкамі можна сустрэць у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі