
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік начальніка ўпраўлення па навуковай рабоце і перспектыўным развіцці навукова-тэхнічнага ўпраўлення Беларускай цэментнай кампаніі, кандыдат хімічных навук, дзяржаўны эксперт Беларусі па новых матэрыялах і тэхналогіях будаўніцтва Наталля Бедзік у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" растлумачыла, як тэхналогія рэцыклінгу дазваляе знізіць колькасць ям на дарогах.
Удзельнікі праекта абмеркавалі стан дарог у Мінску і рэгіёнах. Як адзначыла Наталля Бедзік, апошнія гады праблема ямачнасці на беларускіх дарогах стала асабліва актуальнай. На думку эксперта, гэта звязана з тым, што асноўныя дарогі былі пабудаваны ў Савецкім Саюзе і былі разлічаны на значна больш нізкі паток транспарту. "Кардынальна мяняецца прапускная здольнасць нашых дарог, якія спраектаваны па старых тэхналогіях. Таму мы распрацавалі комплексны план з Мінбудархітэктуры і Мінтрансам. Плануецца пашыранае прымяненне тэхналогіі рэцыклінгу пры дарожных работах", - сказала Наталля Бедзік.
Сутнасць рэцыклінгу заключаецца ў паўторнай эксплуатацыі старога, зношанага пакрыцця. "Спецыяльныя машыны змешваюць старое асфальтабетоннае пакрыццё з цэментам і высыпаюць на дарогу. Далей ідзе грэйдар, які гэта разраўноўвае, і каток, які ўсё прыціскае. Такім чынам, старое зношанае пакрыццё за адзін праход цераз спецыяльную машыну ператвараецца ў новую, якасную аснову з высокай нясучай уласцівасцю", - рэзюмавала эксперт.-0-
Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.