Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2022, 14:16

Як атрымаць пуцёўку з дзярждапамогай для дзіцяці ў аздараўленчы лагер

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як атрымаць пуцёўку з патанненнем для дзіцяці ў аздараўленчы лагер, расказаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай у час пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі: актуальныя пытанні".

Аляксандр Цай прывёў агульны алгарытм. Працуючыя бацькі павінны звярнуцца ў камісію па аздараўленні, якая створана ў іх арганізацыі або на прадпрыемстве. Трэба напісаць заяву, у якой выказаць жаданне забяспечыць аздараўленне свайго дзіцяці, і прыкласці да яе копію пасведчання аб нараджэнні.

Арганізацыя ў сваю чаргу загадзя заключае дагавор з пэўным лагерам, у якім будуць праходзіць аздараўленне дзеці работнікаў гэтага прадпрыемства. "На яго падставе лагер перадае пуцёўкі ў неабходнай колькасці ў залежнасці ад таго, колькі заяў, якая колькасць дзяцей у гэтай арганізацыі, жадаючых прайсці аздараўленне. Пуцёўкі перадаюцца за вылікам патаннення, - растлумачыў намеснік дырэктара цэнтра. - Асобна мы - наш рэспубліканскі цэнтр, прадстаўніцтвы - заключаем дагавор з кожным лагерам і ўжо загадзя змяншаем кошт пуцёўкі".

Калі бацькі хочуць, каб іх дзіця паехала ў іншы лагер, а не той, што замацаваны за іх арганізацыямі, яны могуць прапанаваць камісіі па аздараўленні заключыць дагавор з гэтым лагерам, калі там ёсць свабодныя месцы. Згодна з дагаворам і будзе перададзена пуцёўка з патанненнем. Аляксандр Цай заўважыў, што дапамагчы ў аплаце пуцёўкі можа і наймальнік, аднак маці або бацька павінен аплаціць не менш як 10 працэнтаў яе кошту.

Намеснік дырэктара рэспубліканскага цэнтра растлумачыў, што такі механізм прадугледжаны для таго, каб патанніць пуцёўкі за кошт рэспубліканскага бюджэту. Работнік можа і сам заключыць дагавор непасрэдна з лагерам, аднак у такім выпадку ён адправіць туды дзіця за поўны кошт. "Калі хоча патанненую пуцёўку, то дагавор павінен быць з арганізацыяй, у якой ёсць камісія па аздараўленні", - адзначыў ён.

Што датычыцца ўсіх лагераў з кругласутачным знаходжаннем, як правіла, іх арганізуюць мясцовыя органы ўлады, таму за інфармацыяй аб наяўнасці месцаў у канкрэтным лагеры трэба звяртацца ва ўпраўленне адукацыі. "Спартыўныя лагеры арганізуюць яшчэ і ўпраўленні спорту і турызму. Калі дзіця займаецца нейкім відам спорту або навучаецца ў спартыўнай школе, то паездка арганізуецца, як правіла, праз спартшколу або ўпраўленне спорту і турызму выканкама. Туды і трэба звяртацца", - адзначыў Аляксандр Цай.

Профільныя змены, напрыклад з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, арганізуюць многія стацыянарныя лагеры. Інакш кажучы, гэта звычайны лагер, але з дадатковым адукацыйным складнікам. Такія лагеры, у прыватнасці, праводзяцца "Гарызонтам". У такім выпадку бацькі таксама могуць звярнуцца ў камісію па аздараўленні на прадпрыемстве, якая заключыць дагавор з лагерам - і патанненая пуцёўка будзе перададзена бацькам. Дзіця залічваецца ў тую змену, дзе рэалізуецца паглыбленае вывучэнне замежнай мовы. Падрабязную інфармацыю аб профільных лагерах, наяўнасці месцаў можна ўдакладніць на інтэрнэт-сайтах аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама або патэлефанаваць непасрэдна ў лагер.

Асобна Аляксандр Цай спыніўся на абаронна-спартыўных і ваенна-патрыятычных лагерах. Упраўленні адукацыі, прадстаўніцтвы рэспубліканскага цэнтра загадзя ведаюць, у якіх раёнах і ў які перыяд будуць праводзіцца такія лагеры. Іх могуць арганізаваць на базе як стацыянарных лагераў, так і арандаванай базы і ў воінскіх часцях.

Прышкольныя лагеры арганізуюць самі школы, таму з заявай аб жаданні адправіць туды дзіця бацькі звяртаюцца ў саму ўстанову адукацыі. "Дагавор на патанненне мы заключаем з упраўленнем адукацыі. Маці або бацька ўносіць на разліковы рахунак лагера кошлт пуцёўкі за вылікам патаннення. Напрыклад, 18 дзён знаходжання ў дзённым лагеры - Br131, памер патаннення - Br95, розніцу аплачваюць бацькі", - растлумачыў намеснік дырэктара.

Пералік дакументаў аднолькавы для звычайных катэгорый дзяцей. Калі дзіця са шматдзетнай сям'і, дадаткова прадастаўляецца дакумент, што пацвярджае гэта, паколькі дзеці са шматдзетных і няпоўных сем'яў могуць двойчы за лета трапіць у кругласутачны лагер з патанненнем. Малазабяспечаныя сем'і прадастаўляюць дакумент аб сваім узроўні даходу на члена сям'і і забяспечваюцца пуцёўкамі, як правіла, праз упраўленне адукацыі. На дзяцей-інвалідаў, адпаведна, прадастаўляецца дакумент, які пацвярджае інваліднасць.

Калі дзяцей плануе аздаравіць прадпрымальнік, ён можа звярнуцца ў прадстаўніцтва рэспубліканскага цэнтра. "Калі, напрыклад, ён зарэгістраваны ў Заводскім раёне Мінска, ён можа звярнуцца ў наша Мінскае гарадское прадстаўніцтва да спецыяліста па Заводскім раёне, прынесці пакет дакументаў. Гэта значыць, ён забяспечваецца праз спецыялістаў рэспубліканскага цэнтра. Усе неабходныя кантактныя даныя ёсць на сайце rco.by", - адзначыў Аляксандр Цай.

Непрацуючыя пенсіянеры таксама забяспечваюцца пуцёўкамі ў прадстаўніцтвах Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Акрамя стандартнага набору дакументаў, трэба прыкласці копію працоўнай кніжкі і пенсійнага пасведчання.

У тым выпадку, калі чалавек страціў работу, але стаў на ўлік у органы па працы, яму да пакета дакументаў трэба прыкласці адпаведную даведку аб тым, што ён знаходзіцца на ўліку ў такіх органах, і прадставіць у прадстаўніцтва рэспубліканскага цэнтра.

Аляксандр Цай заўважыў, што попыт на летняе аздараўленне вельмі высокі, на сёння большая частка пуцёвак ужо рэалізавана.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі