ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 2 кастрычніка 2022
Мінск +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 лютага 2022, 12:04

Як арганізавана галасаванне на рэферэндуме ва ўмовах СOVID-19?

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка ў праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА расказаў, як арганізавана галасаванне на рэферэндуме ва ўмовах СOVID-19.

"Магу сказаць, што рэферэндум у плане кавідных абмежаванняў ужо не нешта асаблівае. Таму што фактычна ў кавідных абмежаваннях мы працавалі ў 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах. Таму рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя ў нейкай ступені традыцыйныя. Гэта падбор адпаведных памяшканняў, якія дазволілі б забяспечыць і дыстанцыю, і развядзенне патокаў грамадзян, якія прыйдуць галасаваць. Гэта і выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, маецца на ўвазе праветрыванне, прыбіранне, дэзынфекцыя, наяўнасць антысептыкаў, сродкаў індывідуальнай аховы на ўчастку і гэтак далей", - расказаў Ігар Карпенка.

Кіраўнік ЦВК дадаў, што па аналогіі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года прынята рашэнне зняць пярэднія шторкі ў кабінах для галасавання. "Заходзіш у кабіну і ты плячамі стаіш фактычна да камісіі, а перад табой - месца, дзе ты можаш запоўніць бюлетэнь. Гэта значыць, адсутнасць гэтай шторкі ніякім чынам не ўплывае на тайну волевыяўлення - усё роўна ніхто не бачыць, якую ты ставіш адзнаку. Але пры гэтым, кабіны больш праветрываюцца. І ўсё гэта стварае ўмовы для захавання санэпідпатрабаванняў, якія прадпісала Міністэрства аховы здароўя і якія з намі ўзгоднены", - адзначыў ён.

Не будзе праблем для галасавання грамадзян з СOVID-19, якія лечацца дома. "Такія грамадзяне, зразумела, вядомы і, як правіла, знаходзяцца на бальнічным пад наглядам урачоў. Яны таксама змогуць прагаласаваць. Мы тут прадумалі алгарытм, які сумесна з Міністэрствам аховы здароўя ўжо адпрацавалі, - дапоўніў Ігар Карпенка. - Такі грамадзянін павінен звярнуцца ў сваю камісію і заказаць галасаванне дома ў дзень асноўнага галасавання. Разам з тым, установа аховы здароўя, дзе створана камісія па галасаванні - адпрацуе гэты момант, каб да гэтага грамадзяніна прыехалі людзі, экіпіраваныя адпаведным чынам, каб не ставіць у небяспечнае становішча членаў участковай камісіі. Зноў жа працэдура ўнясення змяненняў у спісы, залічэння ў іншы спіс, выдача бюлетэня - будзе таксама ажыццяўляцца камісіямі ў адпаведнасці з заканадаўствам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі